10 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Спартыўныя перамогі на Алімпійскіх гульнях дэманструюць поспехі развіцця дзяржавы. Аб гэтым сёння, выступаючы на ўрачыстай цырымоніі правадоў беларускіх спартсменаў на XXX летнія Алімпійскія гульні ў Лондане, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Трыумф спартсмена пераўтварае краіну ў вачах сусветнай супольнасці, фарміруючы яе станоўчы імідж. Гэта дэманстрацыя поспехаў развіцця самой дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гаворка ідзе не проста аб асабістых спартыўных выніках, хоць гэта таксама вельмі важна. "У Лондане вы будзеце змагацца ў першую чаргу за прэстыж роднай краіны, дзе ён будзе вымярацца месцамі на п'едэстале. Бо спорт - гэта найвышэйшы ўзровень дыпламатыі", - адзначыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што чатыры гады таму ў Пекіне беларускія атлеты хоць і не выканалі абяцанае, але прадэманстравалі высокі ўзровень майстэрства, заваяваўшы два дзясяткі медалёў. Гэта дазволіла Беларусі ўвайсці ў дваццатку вядучых спартыўных дзяржаў свету. "Але наперадзе ў вас новы, і вельмі строгі, экзамен. Упэўнены, у гэтай зале сабраліся тыя, хто выдатна разумее, якая высокая місія на іх ускладзена. Людзі, для якіх слова "патрыятызм" - не пусты гук", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да спартсменаў, Прэзідэнт адзначыў, што кожны раз, калі яны выходзяць на старт, за імі з надзеяй сочаць не толькі іх родныя, але і ўсе суайчыннікі, а таксама сябры і недругі, супернікі з усіх куткоў планеты. "На алімпійскім сходзе былі вызначаны галоўныя задачы на маючыя адбыцца Гульні. Ведаю, што выканаць іх будзе невымоўна цяжка. Давядзецца змагацца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на мяжы чалавечых магчымасцей. Аднак упэўнены, што вы годна зможаце ўсё пераадолець. Бо ў складзе нашай каманды адны з наймацнейшых атлетаў сучаснасці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта Кацярына Карстэн, для якой лонданская Алімпіяда стане пятай у спартыўнай кар'еры, Вікторыя Азаранка, алімпійскія чэмпіёны Раман Петрушэнка і Вадзім Махнёў, прызёры алімпійскіх гульняў Іван Ціхан, Надзея Астапчук, Анастасія Новікава і многія іншыя. Многія члены нашай спартыўнай дэлегацыі маюць вопыт выступлення на галоўных Гульнях чатырохгоддзя". Асобна Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўпершыню ў найноўшай гісторыі адзіная з краін былога СССР беларуская моладзевая зборная па футболе ва ўпартай барацьбе заваявала права ўдзельнічаць у алімпійскім турніры.