Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 жніўня заслухаў даклад аб рабоце банкаўскай сістэмы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рамана Галоўчанкі, які не так даўно быў прызначаны на гэту пасаду з пасады прэм'ер-міністра краіны, звярнуў увагу, што чакае ад яго ўзважанага, аб'ектыўнага погляду на стан спраў у эканоміцы ў цэлым. "Не сказаць, што ты цяпер убаку, але ўсё ж такі ў нейкай ступені збоку. І вельмі важна, як досведнага чалавека, тваё меркаванне па стане эканомікі Беларусі на сённяшні дзень. На што трэба звярнуць увагу перш за ўсё - гэта галоўнае, што ты мне павінен расказаць", - заўважыў Прэзідэнт.
"І другое. Як я ўжо папярэджваў кіраўніка Адміністрацыі (Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА), што наша сённяшняя сустрэча і ваш даклад па сітуацыі ў краіне, у галіне банкаў, фінансаў, не значыць, што мы не сустрэнемся на ўзроўні Прэзідэнта са спецыялістамі і кіраўнікамі нашых банкаў і Нацыянальнага банка перш за ўсё, для таго каб раз і назаўжды канчаткова заявіць, якую палітыку мы будзем праводзіць у бліжэйшы час і якая мая пазіцыя ў дачыненні да Нацыянальнага банка", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, адзін з аспектаў, які неабходна дадаткова праясніць, - гэта прызначэнне менавіта Рамана Галоўчанкі на пасаду кіраўніка Нацбанка. "Тут многія ваююць, і асабліва збеглыя, "вось, не спецыяліст, ён яго ў банк прызначыў" і так далей. На ўсе пытанні мы павінны адказаць", - сказаў Прэзідэнт. Што да работы самога Рамана Галоўчанкі на пасадзе старшыні праўлення Нацбанка, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што яго дзеянні, рашэнні і стан спраў у банкаўскай сферы рэгулярна атрымліваюць экспертную ацэнку. "Тут спецыялісты назіраюць і за табой таксама", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў тэму павелічэння сукупнага прыбытку банкаў у краіне, што можа разглядацца, з аднаго боку, як пазітыўны паказчык, але з другога - ёсць асцярогі, каб не ўзнікла дысбалансу і банкі не адцягвалі грошы з эканомікі. "Я, праўда, не вельмі разумею, гэта добра ці дрэнна (рост сукупнага прыбытку банкаў. - Заўвага БЕЛТА). Калі ты быў прэм'ер-міністрам, ты казаў, што гэта дрэнна - што грошы банкі адцягваюць".
"Вядома, добра, - запэўніў Раман Галоўчанка. - Мы пачалі прыбытак банкаў урадам здымаць і накіроўваць іх на фінансаванне эканомікі".