27 верасня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Попыт на беларускую бульбу на расійскім рынку будзе няўхільна расці. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валерый Бельскі. Паводле даных беларускіх вучоных, недахоп бульбы, які сёння адчуваюць расійскія рэгіёны, ацэньваецца прыкладна ў 4 млн.т. Такі аб'ём ім давядзецца папоўніць за кошт імпарту. "Кошт за 1 кг бульбы ў Расіі па аптовай закупцы складае ў сярэднім 13 расійскіх рублёў, у далейшым, па прагнозах, ён будзе павялічвацца, - лічыць суразмоўнік. - У сувязі з гэтым попыт на беларускую бульбу працягне расці. Такое "акно" на расійскі рынак будзе адкрыта для нас не толькі ў гэтым, але і ў наступным годзе". Валерый Бельскі адзначыў, што айчынныя экспарцёры максімальна выкарыстоўваюць свой экспартны патэнцыял для павелічэння паставак бульбы ў Расію. "Некаторыя буйныя сельгаспрадпрыемствы плануюць у бягучым годзе экспартаваць па 10-15 тыс.т гэтай прадукцыі", - праінфармаваў ён. У цэлым беларускія аграрыі ацэньваюць экспартны патэнцыял бульбы ў Расію больш чым у 100 тыс.т. Адным з найбуйнейшых спажыўцоў гэтай прадукцыі павінен стаць Татарстан. На першым этапе ў гэты расійскі рэгіён з нашай краіны плануецца паставіць 40 тыс.т бульбы. Чакаецца, што ў далейшым гэтая лічба будзе ўзрастаць. Беларуская бульба запатрабавана і ў іншых расійскіх рэгіёнах і гарадах, у тым ліку Маскве і Санкт-Пецярбургу. Каб папоўніць страты бульбы, якія панесла Расія з-за засухі гэтым летам, падкамісія расійскага ўрада па мытна-тарыфным рэгуляванні вырашыла часова адмяніць пошліны на ўвоз бульбы, капусты і грэчкі. Гэтая мера ўзгоднена з беларускімі спецыялістамі ў рамках Мытнага саюза. З пачатку года грэчка ў Расіі падаражэла прыкладна ў два разы, капуста - на 77%, а бульба стала каштаваць больш на 65%. Нулявыя пошліны будуць дзейнічаць як мінімум шэсць месяцаў і прывядуць да павелічэння паставак з-за мяжы. У той жа час, як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, адмена пошлін на бульбу не створыць ніякіх дадатковых пераваг для беларускіх пастаўшчыкоў. "Гэтая мера выгадная для расійскага боку, на нас яна не паўплывае. На якіх умовах мы адпускалі бульбу, на такіх і будзем яе адпускаць", - рэзюмавалі спецыялісты. -0-