18 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сярэднеазіяцкія сухапутныя чарапахі ў Віцебскім заапарку насуперак маразам і прагнозам майя аб канцы свету ўпершыню снесьлі яйкі, расказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар заапарка Ірына Арлова.
Звычайна ў прыродзе рамантычны перыяд у адносінах чарапах прыпадае на люты-жнівень. Цяжарнасць доўжыцца два месяцы, пасля чаго самка адкладае ад двух да шасці яек. Ва ўмовах тэрарыума чарапахі хоць і рэдка, але адкладаюць яйкі. І вось у Віцебскім заапарку такое дэмаграфічнае цуда (ды яшчэ калі за акном мінус 18) адбылося з парай, якая жыве тут каля пяці гадоў: сёння на пяску ў тэрарыуме апынуліся два малюсенькія чарапашыя яйкі. Чарапахі-бацькі, усё жыццё правядзеныя ў няволі, нават не патурбаваліся прыкапаць яйкі пяском, таму працэс "выседжвання" Ірына Арлова даверыла інкубатору. Як патлумачыла дырэктар, чакаць папаўнення ў чарапашых сем'ях давядзецца не раней за люты, а то і красавік, таму што працэс інкубавання залежыць ад тэмпературы, у розных крыніцах пазначаюцца тэрміны ад 60 да 120 сутак.
Віцебскі заалагічны парк быў заснаваны 30 сакавіка 1992 года на базе існаваўшага ў горадзе Тэатра звяроў. У цяперашні час тут на плошчы 1,3 га ўтрымліваюцца звыш 70 відаў жывёл - больш за 1 тыс. асобін. Акрамя сярэднеазіяцкіх чарапах у заапарку ўтрымліваюцца балотныя і чырвонавухія чарапахі - ніхто з іх пакуль не парадаваў папаўненнем у сямействе.-0-
БЕЛТА
Сярэднеазіяцкія чарапахі ў Віцебскім заапарку насуперак маразам і прагнозам пра канец свету ўпершыню снесьлі яйкі
18.12.20120 праглядаў