Сярэдняй школе № 2 Оршы прысвоена імя Героя Савецкага Саюза, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, камандзіра дывізіёна 462-га артылерыйскага палка 13-й арміі Заходняга фронту Барыса Львовіча Хігрына. У гонар гэтай падзеі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю памятнай дошкі земляку.

У ім прыняў удзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
– Сёння памятная дата не толькі для школы, але і для ўсяго Аршанскага раёна, для нашай вобласці. Вось ужо некалькі дзён мы святкуем 79-ю гадавіну вызвалення Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзякуючы такім людзям як Барыс Львовіч Хігрын мы змаглі здабыць перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, – сказаў кіраўнік дэпутацкага корпуса.

Звяртаючыся да школьнікаў, Уладзімір Церанцьеў падкрэсліў, што моладзь павінна ведаць сваіх землякоў, ганарыцца імі і імкнуцца быць падобнай на іх.
– Прысваенне школе імя героя, адкрыццё дошкі – гэта, безумоўна, важная падзея не толькі для людзей старэйшага пакалення, якія выхоўваліся на савецкіх традыцыях, але і для моладзі, якая будзе браць прыклад з такіх жа вядомых і невядомых дзясяткаў і сотняў герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што праца па прысваенні ўстановам адукацыі імёнаў герояў вядзецца на працягу апошніх чатырох гадоў.
– Больш за 100 школ Віцебшчыны сёння носяць імёны герояў і гэтая праца будзе працягвацца, – канстатаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса. – Як паказваюць дзясяткі прыкладаў па нашай вобласці, гэта дазваляе замацоўваць сувязі паміж рэгіёнамі, у першую чаргу Расійскай Федэрацыі, Казахстана і іншых рэспублік былога Савецкага Саюза.

Знакава, што ў сярэдняй школе № 2 піянерскай дружыне прысвоена імя Барыса Львовіча Хігрына. Установа адукацыі наладзіла сувязь з сынамі героя ў Маскве, унукамі, праўнукамі, сваякамі, якія пражываюць у розных краінах. У сценах школы адкрыта музейная пакой, дзе беражліва захоўваюцца матэрыялы пра жыццё і подзвіг Барыса Хігрына.