29 чэрвеня, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. Сярэднямесячная інфляцыя Беларусі на ўзроўні 1,5% захаваецца да канца 2012 года. Пра гэта заявіў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Антон Даўгавечны, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У Беларусі па выніках пяці месяцаў інфляцыя склала 8,5%, прагноз на 2012 год 20-22% выконваецца. "Думаю, будзе каля 20% інфляцыі, у сярэднім 1,5% у месяц, гэты ўзровень сярэднямесячнага росту цэн працягнецца да канца года", - адзначыў Антон Даўгавечны. Гэта звязана з некаторай інерцыйнасцю інфляцыйных працэсаў, а таксама дэвальвацыйным патэнцыялам, які быў назапашаны ў мінулым годзе. Рост спажывецкіх цэн можа быць некалькі вышэйшы за кошт павышэння ўзроўню аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Беларусь мае міжнародныя абавязацельствы перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС, нагадаў Антон Даўгавечны. Але таксама ёсць і сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы перад насельніцтвам, дадаў ён. "Але мы будзем падтрымліваць баланс у дачыненні да росту заработнай платы і павелічэння ўзроўню аплаты жыллёва-камунальных паслуг", - сказаў прадстаўнік Мінэканомікі. У Беларусі ўжосточана грашова-крэдытная і бюджэтна-падатковая палітыка, і гэта аказала стрымліваючы ўплыў на інвестыцыйныя выдаткі. У выніку інвестыцыйныя выдаткі ў машыны і абсталяванне знізіліся за мінулы перыяд бягучага года прыкладна на 14%. Але гэта аб'ектыўны фактар у сувязі з высокай працэнтнай стаўкай, што ў сваю чаргу дазволіла таксама стрымаць і рост інфляцыі. Антон Даўгавечны пракаментаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі за 5 месяцаў 2012 года. "У цэлым, калі паглядзець галіновую дынаміку, валютны крызіс 2011 года не перайшоў у эканамічны, рэцэсіі няма, ёсць станоўчая дынаміка росту", - падкрэсліў ён. Гэта таксама знайшло пацвярджэнне ў росце колькасці юрыдычных асоб у Беларусі. На 1 чэрвеня 2012 года іх стала больш на 3% у параўнанні з пачаткам года і на 4,5% больш у параўнанні з 1 чэрвеня мінулага года. Прычым прырост адзначаны ў недзяржаўным сектары. "Гэта сведчыць аб аднаўленні актыўнасці бізнесу ў Беларусі", - падкрэсліў эксперт.