15 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рост заработнай платы і прадукцыйнасці працы павінны быць пакладзены ў аснову фарміравання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці на будучы год. Аб гэтым сёння ў ходзе абмеркавання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на 2013 год на сумесным пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама і прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "За любымі паказчыкамі стаіць галоўнае - заработная плата і якасць жыцця людзей. Эканоміка павінна працаваць на чалавека, на яго дзяцей", - падкрэсліў губернатар. Віцебская вобласць у 2013 годзе бярэ на сябе павышаныя абавязацельствы па забеспячэнні валавога рэгіянальнага прадукту на ўзроўні 112% да ўзроўню 2012 года супраць запланаваных раней 107,5%, забеспячэнні прытоку прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове на ўзроўні $146 млн., у паўтара раза збіраецца наросціць экспарт. Аднак галоўным паказчыкам, які фарміруе ўсе астатнія, для вобласці стане рост заработнай платы. Па прагнозах, у снежні 2013 года яна складзе не менш за $750 у эквіваленце. Пры гэтым прадукцыйнасць працы ў рэгіёне павінна перавышаць рост заработнай платы на 25-30%, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Рэзервы для дасягнення высокіх паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця крыюцца ў аграпрамысловым комплексе, прамысловасці, будаўнічай галіне і зніжэнні матэрыялаёмістасці, што набывае асаблівую актуальнасць у Год беражлівасці. "Сацыяльная сфера з'яўляецца вызначальнай для развіцця эканомікі і якасці жыцця людзей. Нам неабходна мець моцны бюджэт, каб вобласць развівалася, каб чалавек ганарыўся сваім краем і сваёй краінай", - дадаў Аляксандр Косінец. Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці будзе вынесены на сесію абласнога Савета дэпутатаў 18 снежня.-0-

БЕЛТА