9 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сярэдняя заработная плата ў Віцебскай вобласці да канца года можа перавысіць мяжу ў $500. Пра гэта сёння на сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама паведаміў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сярэдняя заработная плата за май бягучага года склала $400, у чэрвені яна будзе вышэй. Пераглядаюцца паказчыкі, каб да канца года сярэдняя па вобласці заработная плата дасягнула $580", - сказаў губернатар.
Асновай для аптымістычнага прагнозу служыць устойлівая праца прадпрыемстваў вытворчай сферы. Так, тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту па выніках паўгоддзя склаў 122% да аналагічнага перыяду мінулага года. Як падкрэсліў Аляксандр Косінец, высокія тэмпы дасягнуты не толькі за кошт павелічэння аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі. Тэмп росту аказання паслуг склаў 123%. Складскія запасы прадпрыемстваў мінімальныя і складаюць трэць месячнай нормы. "Гэта сведчыць аб тым, што прадукцыя віцебскіх прадпрыемстваў ліквідная, канкурэнтаздольная і запатрабаваная як на ўнутраным, так і на знешнім рынку", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Экспарт прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці і без ведамаснай падпарадкаванасці па выніках паўгоддзя павялічыўся ў пяць разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Сальда знешнегандлёвага абароту, без уліку нафты і нафтапрадуктаў, склалася станоўчае на ўзроўні $1 млрд., што ў 3,5 раза вышэй за ўсталяванае гадавое заданне. Як чакаецца, прафіцыт бюджэту складзецца на ўзроўні Br1 трлн.
БЕЛТА
Сярэдні заробак у Віцебскай вобласці да канца года можа перавысіць $500 - А.Косінец
9.7.20120 праглядаў