22 ліпеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені-чэрвені бягучага года склала Br1104,1 тыс., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце. У чэрвені сярэдні заробак склаў Br1234,9 тыс. - гэта на 6,6%, або на Br76,6 тыс. больш у параўнанні з маем 2010 года.
Рэальная заработная плата (разлічаная з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у Беларусі ў студзені-чэрвені гэтага года павялічылася на 8,1% у параўнанні са студзенем-чэрвенем 2009 года. У чэрвені ў параўнанні з маем 2010 года гэты паказчык вырас на 6,4%.
Паводле аператыўных статыстычных даных, на прамысловых прадпрыемствах рэспублікі сярэдняя зарплата ў чэрвені склала Br1352,9 тыс. У будаўнічых арганізацыях яна была Br1686 тыс., на прадпрыемствах транспарту - Br1486,3 тыс., гандлю і грамадскага харчавання - Br1046,6 тыс., у арганізацыях сельскай гаспадаркі - Br831,6 тыс.
У арганізацыях аховы здароўя сярэдняя заработная плата ў чэрвені склала Br990,4 тыс., у тым ліку ўрачоў - Br1696,7 тыс., сярэдняга медыцынскага персаналу - Br984,3 тыс. Сярэдні чэрвеньскі заробак ва ўстановах адукацыі быў Br874,1 тыс., у тым ліку настаўнікаў - Br965,5 тыс., прафесарска-выкладчыцкага складу - Br2157,1 тыс.
Сярод галін эканомікі самы высокі ўзровень аплаты працы ў чэрвені гэтага года склаўся ў паліўнай прамысловасці (Br2045,2 тыс.), у чорнай металургіі (Br1987,5 тыс.), у хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (Br1879,6 тыс.). Самай нізкай працягвае заставацца зарплата ў сацыяльным забеспячэнні (Br742,9 тыс.).
Максімальны рост рэальнай налічанай заработнай платы ў студзені-чэрвені бягучага года да ўзроўню студзеня-чэрвеня 2009-га забяспечаны ў медыцынскай прамысловасці (118,3%), лясной гаспадарцы (116,5%), у хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (116%), у лёгкай прамысловасці (114,7%), у арганізацыях навукі і навуковага абслугоўвання (114,6%). Найменшы гэты паказчык - у чорнай металургіі (98,9%). -0-
БЕЛТА
Сярэдні заробак за чэрвень у Беларусі вырас на 6,6%
22.7.20100 праглядаў