15 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Стрэценскія адукацыйныя чытанні ўпершыню выходзяць у інтэрнэт-прастору. Онлайн-трансляцыя на сайце www.pravoslavie.vitebsk.tv будзе весціся прама са Свята-Праабражэнскага храма (ніжняга храма Свята-Успенскага кафедральнага сабора) Віцебска 16 лютага, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнік Віцебскай епархіі протаіерэй Андрэй (Смальскі).
Праблемнае поле дзявятых па ліку чытанняў вызначаюць некалькі тэм, у тым ліку пытанні ўзаемадзеяння царквы, сям'і і школы ў духоўна-маральным выхаванні, сацыяльнае служэнне ў царкве і праца з дзецьмі і інвалідамі, прафілактыка суіцыдаў. Як адзначыў протаіерэй, па пагадненні, якое дзейнічае паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой, у рэспубліцы створана аснова для ўзаемадзеяння праваслаўных свяшчэннаслужыцеляў і дзяржаўных структур, накіраванага на духоўнае адраджэнне нацыі. Напрыклад, у Віцебску на базе сярэдняй школы №10 рэалізуецца інавацыйны праект "Духоўна-маральнае выхаванне і адукацыя на прыкладзе праваслаўных традыцый беларускага народа". Настаўнікі-наватары і свяшчэннаслужыцелі падзеляцца сваім вопытам працы і супрацоўніцтва. Як чакаецца, каля 150 педагогаў прымуць удзел у рабоце IX Стрэценскіх чытанняў.
Па словах протаіерэя Андрэя, гледачы анлайн-трансляцыі змогуць не толькі пачуць выступленні ўдзельнікаў чытанняў, але і задаць ім пытанні. Адказ на іх яны атрымаюць альбо па электроннай пошце, альбо тут жа - падчас чытанняў. -0-
БЕЛТА
Стрэценскія адукацыйныя чытанні ўпершыню выходзяць у інтэрнэт-прастору
15.2.20120 праглядаў