21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэрміны восеньскага прызыву ў органы памежнай службы Беларусі сёлета будуць зрушаны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры Дзяржпагранкамітэта (ДПК). "Асаблівасць сёлетняй восеньскай прызыўной кампаніі ў тым, што яна пройдзе пазней", - паведамілі ў камітэце. Гэта звязана з маючым адбыцца чэмпіянатам свету па хакеі, які запланаваны на 2014 год. Менавіта сённяшнія прызыўнікі будуць забяспечваць бяспеку на мяжы ў гэты час. Каб чэмпіянат не супаў з "перасменкай" паміж прызывамі, было вырашана перасунуць тэрміны. Аднак канкрэтныя даты пакуль не вызначаны. У любым выпадку ўжо ў бліжэйшы час прадстаўнікі памежных груп і атрадаў пачнуць працу ў ваенных камісарыятах па ўсёй Беларусі. "Абраць лепшых з лепшых трэба будзе псіхолагам і ўрачам", - растлумачылі ў ДПК. Ва ўстанове дадалі, што паводле інфармацыі з рэгіёнаў пераважная большасць прызыўнікоў ідзе служыць з жаданнем. Пры гэтым у камітэце адзначылі, што аднаго жадання не заўсёды дастаткова, бо адбор у органы памежнай службы самы строгі: "Тыя, хто меў праблемы з законам, нават за адміністрацыйнае правапарушэнне, ужо дакладна служыць на мяжы не будуць". Акрамя таго, у ДПК нагадалі, што для маладых людзей, якія жадаюць звязаць сваё жыццё з мяжой больш грунтоўна, адкрыты дзверы Інстытута памежнай службы. Хлопцы, якія зарэкамендавалі сябе на тэрміновай службе, атрымаюць права паступлення ў інстытут па-за конкурсам.-0-

БЕЛТА