10 верасня, Ліда /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі высока ацаніў гатоўнасць Ліды да правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2010". Сёння падчас рабочай паездкі ён наведаў асноўныя аб'екты сталіцы фестывалю гэтага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Сяргея Сідорскага, на наступным тыдні будуць падведзены канчатковыя вынікі спаборніцтваў па ўборцы збожжавых. Ліда завяршае падрыхтоўку да "Дажынак". Як адзначыў прэм'ер-міністр, Ліда хуткімі тэмпамі рыхтуецца сустрэць удзельнікаў і гасцей рэспубліканскага свята. За паўгода тут праведзены каласальны аб'ём работы. Але галоўнае, што ўсе адрамантаваныя і пабудаваныя аб'екты і пасля свята застануцца працаваць для людзей. На падрыхтоўку да "Дажынак" у Ліду накіравана каля Br350 млрд. Сёння асвоена больш за Br260 млрд. У спісе адрэстаўраваных і пабудаваных 220 аб'ектаў, на якіх працавалі 66 будаўнічых арганізацый і каля 5 тыс. будаўнікоў. Важна, што ў горадзе мадэрнізаваны аб'екты са зносам асноўных фондаў. Найбольш важнымі аб'ектамі сталі рэканструкцыя водна-паркавай зоны, дзе размесціцца сцэнічная пляцоўка змяшчальнасцю каля 5 тыс. пасадачных месцаў. Пабудаваны Лядовы палац з трыбунай на адну тысячу гледачоў, лядовай арэнай, басейнам, футбольным стадыёнам і тэніснымі кортамі. Вядзецца рэканструкцыя Лідскага замка. Адрэмантаваны Дом культуры, гасцініца "Ліда", кінатэатр "Юбілейны", у будынку былога кінатэатра "Кастрычнік" створаны цэнтр народных рамёстваў. У парадак прыведзены не толькі цэнтр горада, але і двары. Адрэмантавана больш за 45 км камунікацый. Новае жыццё атрымалі 29 вуліц, прыведзены ў парадак аб'екты гандлю, аховы здароўя, адукацыі. У 110-кватэрным жылым доме адзначылі наваселле перасяленцы са знесенага жылля. Да адкрыцця "Дажынак" у горадзе з'явіцца стэла да 2000-годдзя хрысціянства і скульптура льва, якая ўвасабляе герб горада. На думку Сяргея Сідорскага, дзякуючы праведзеным работам Ліда стане цэнтрам рэгіёну, які будзе прыцягваць турыстаў. Запланаваныя работы на аб'ектах рэканструкцыі будуць завершаны на працягу аднаго-двух тыдняў. Чакаецца, што ў святочныя дні Ліду наведаюць да 3 тыс. членаў афіцыйных дэлегацый і да 20 тыс. удзельнікаў і гасцей.-0-

БЕЛТА