12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі праіндэксаваны памеры стандартных падатковых вылікаў. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве падаткаў і збораў, каментуючы змены, унесеныя ў падатковае заканадаўства з 2012 года ў дачыненні да фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў. Стандартныя падатковыя вылікі – гэта льгота, якая прадастаўляецца грамадзянам у выглядзе поўнага вызвалення ад выплаты падаходнага падатку з пэўнай сумы даходу. З 1 студзеня 2012 года памер стандартнага падатковага выліку, які прадастаўляецца плацельшчыкам, праіндэксаваны. Так, з 1 студзеня 2012 года стандартны падатковы вылік па месцы асноўнай работы грамадзян, штомесячныя даходы якіх не перавышаюць Br2 млн. 680 тыс., складзе Br440 тыс. У 2011 годзе такі вылік прадастаўляўся ў памеры Br292 тыс. тым грамадзянам, даходы якіх у месяц не перавышалі Br1 млн. 766 тыс. "Такім чынам, павелічэнне памеру стандартнага падатковага выліку прывядзе да змяншэння сумы даходу, з якой вылічваецца падаходны падатак, і, адпаведна, змяншаецца сама сума падаходнага падатку, якая падлягае выплаце ў бюджэт", – адзначылі спецыялісты міністэрства. Таксама праіндэксаваны і іншыя стандартныя падатковыя вылікі. Вылік на дзяцей да 18 гадоў і ўтрыманцаў павялічаны з Br81 тыс. да Br123 тыс., а для асоб, якія маюць права на атрыманне такога выліку ў павышаным памеры (удавы, удаўцы, адзінокія бацькі, апекуны, папячыцелі і інш.), – з Br162 тыс. да Br246 тыс. Вылік асобным катэгорыям плацельшчыкаў (інвалідам першай і другой груп, інвалідам з дзяцінства, удзельнікам ВАВ і інш.) павялічаны з Br410 тыс. да Br623 тыс. У мэтах далейшага зніжэння падатковай нагрузкі з 1 студзеня 2012 года вызвалены ад падаходнага падатку даходы грамадзян, якія маюць патрэбу ў аказанні медыцынскай дапамогі, у тым ліку правядзенні аперацый, атрыманыя імі ў выглядзе бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ад беларускіх арганізацый і грамадзян Беларусі. Такія даходы цалкам вызваляюцца ад падаходнага падатку пры наяўнасці адпаведнага пацвярджэння, выдаваемага ў парадку, які ўстанаўліваецца Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. "У 2011 годзе такія даходы вызваляліся ў межах да 1 тыс. базавых велічынь у год, г.зн. у памеры Br35 млн.", – адзначылі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.