Рэспубліканская акцыя «Адзіны дзень бяспекі» стартавала ў Лепельскім раёне на гарадской плошчы. У гэты дзень ратавальнікі, сумесна з прадстаўнікамі розных службаў і арганізацый раёна, арганізавалі для жыхароў горада «Кірмаш бяспекі» з конкурсамі і падарункамі, рознымі пазнавальнымі праграмамі, а таксама выставу тэхнікі. Работнікі МНС размясцілі інтэрактыўную пляцоўку пад назвай «Станцыя бяспекі». Жыхарам горада прадстаўнікі службы выратавання расказалі аб правілах бяспечных паводзін у быце, на вуліцы і ў грамадскіх месцах. Расказалі аб прынцыпе дзеяння аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Наведвальнікі кірмаша з радасцю прынялі ўдзел у розных конкурсах і гульнях. Удзельнікі мерапрыемства дружна разгадвалі загадкі, расшыфроўвалі словы, адказвалі на пытанні міні-віктарыны, адпрацоўвалі выклік ратавальнікаў. Таксама вырашалі розныя сітуацыйныя задачы па аказанні першай медыцынскай дапамогі пацярпеламу, правілах паводзін пры пажары, а таксама правілах эвакуацыі ў гандлёвых цэнтрах. Работнікі МНС правялі прафілактычную гутарку з бацькамі і яшчэ раз нагадалі аб забароне пакідання дзяцей без нагляду.
Жыхары горада ўспомнілі, як карыстацца вогнетушыцелем і паўдзельнічалі ў конкурсах: «Бяспечная печ», «Усталюй АПА», «Выклікай ратавальнікаў». Прадстаўнікі МНС правялі прэзентацыю мабільнага прыкладання «МНС Беларусі: Дапамога побач». Таксама на мерапрыемстве была прадэманстравана аварыйна-выратавальная тэхніка і абсталяванне падраздзялення МНС. Кожны жыхар Лепельшчыны пабываў у ролі ратавальніка: пасядзеў у кабіне баявой машыны, навучыўся карыстацца вогнетушыцелем і, што не мала важна, атрымаў важныя парады ад работнікаў МНС. Тым, хто не праходзіў міма і пабываў на «Кірмашы бяспекі», была ўручана наглядна-выяўленчая прадукцыя на супрацьпажарную тэматыку, а таксама прызы.