22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Марафон тэле- і радыёвыступленняў кандыдатаў у прэзідэнты стартаваў сёння, 22 лістапада. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Кожны з кандыдатаў атрымае магчымасць па два разы звярнуцца да выбаршчыкаў па тэлебачанні і столькі ж – па радыё. Іх паўгадзінныя выступленні будуць трансліравацца ў прамым эфіры па працоўных днях з 22 лістапада па 3 снежня. У тэлевізійным эфіры Першага канала іх пакажуць з 19.00 да 20.00, у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё яны прагучаць з 6.10 да 7.10. Упершыню падчас цяперашняй выбарчай кампаніі кандыдаты змогуць публічна дыскутаваць адзін з адным падчас дэбатаў, якія будуць трансліравацца ў прамым эфіры 4 снежня з 17.00 да 18.00 па тэлебачанні і ў такі ж час 5 снежня па радыё. Удзел у дэбатах выключна добраахвотны, кандыдаты могуць адмовіцца або адправіць замест сябе ўпаўнаважаную асобу. Для таго, каб дэбаты адбыліся, абавязковы ўдзел як мінімум двух кандыдатаў. Тыя, хто выкажа жаданне дэбатаваць са сваімі супернікамі па перадвыбарных гонках, павінны не пазней 26 лістапада пісьмова паведаміць аб гэтым Белтэлерадыёкампаніі.-0-

БЕЛТА