Першы нацыянальны канал Беларускага радыё абвясціў пра пачатак прыёму заявак на ўдзел у VII Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё абвясціў пра пачатак прыёму заявак на ўдзел у VII Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Сёлета конкурс, які дазваляе выявіць маладых адораных выканаўцаў у розных жанрах музычнага мастацтва, праходзіць па 30 красавіка па чатырох намінацыях: "Эстрадны вакал (салісты)", "Інструментальная музыка (салісты)", "Інструментальная музыка (дуэт, трыа, квартэт)", "Спадчына (творчы пошук у галіне фальклору)".

Паспрабаваць свае сілы ў творчым спаборніцтве могуць маладыя людзі ва ўзросце ад 10 да 21 года, навучэнцы дзіцячых музычных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама ўдзельнікі музычных і эстрадных студый, студэнты вышэйшых навучальных устаноў.

Радыёконкурс "Маладыя таленты Беларусі" складаецца з папярэдняга этапу і трох тураў. На папярэднім этапе адбываецца фарміраванне і арганізацыя працы журы, прыём заявак (з 1 па 31 сакавіка 2018 года). У першым туры будуць праслуханы заяўленыя матэрыялы (з 1 па 15 красавіка). Другі тур – праслухоўванне ўдзельнікаў, якія прайшлі першы тур, у жывым выкананні прафесійным журы. Яшчэ адно праслухоўванне ў жывым выкананні прафесійным журы адбудзецца для ўдзельнікаў, якія прайшлі другі этап (другі і трэці туры праводзяцца з 16 па 30 красавіка).

Фінал радыёконкурсу, аб'яўленне і ўзнагароджанне пераможцаў адбудуцца ў маі.

Заяўкі прымаюцца да 31 сакавіка ўключна па адрасе: 220114, г. Мінск, вул. Чырвоная, д. 4 альбо па электронным адрасе: talentbelarus@gmail.com з паметкай "Маладыя таленты Беларусі-2018".

Падрабязная інфармацыя, навіны радыёконкурсу, вынікі ўсіх тураў будуць размяшчацца на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і на афіцыйных старонках канала ў сацыяльных сетках.

У розныя гады лаўрэатамі і прызёрамі конкурсу "Маладыя таленты Беларусі" станавіліся Алена Ланская, Юрый Дземідовіч, Раман Валазнёў, Дыяна Громава, Кірыл Ермакоў, Лідзія Заблоцкая, Надзея Місякова, Аляксандр Мінёнак, Хелена Мерааі і іншыя.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)