Пенсіянеры – адна з найважнейшых катэгорый насельніцтва, якая знаходзіцца пад пільнай увагай МНС.

Пенсіянеры – адна з найважнейшых катэгорый насельніцтва, якая знаходзіцца пад пільнай увагай МНС. Для прыцягнення іх да пытанняў бяспекі ратавальнікі выкарыстоўваюць розныя формы работы, стараючыся дастукацца да кожнага пажылога чалавека і ўцягнуць яго ў правядзенне маштабнай рэспубліканскай акцыі «З клопатам пра бяспеку малой Радзімы».

Мэта кампаніі – папярэджанне пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на іх людзей пажылога ўзросту. Акцыя пройдзе з 16 верасня па 4 кастрычніка. У межах акцыі запланаваны сустрэчы з жыхарамі сельскай мясцовасці, дзе ратавальнікі яшчэ раз нагадаюць аб правілах бяспекі, зробяць акцэнт на прычынах узнікнення надзвычайных сітуацый. Акрамя гэтага, ратавальнікі правядуць работу па маршруце руху гандлёвых аўталавак праз праект «Аўталаўка бяспекі», дзе ў месцах прыпынкаў перасоўных магазінаў разгорнуць навучальныя пляцоўкі. Такім чынам, жыхары нават самых аддаленых куткоў не застануцца ўбаку і змогуць паўдзельнічаць у мерапрыемствах, арганізаваных ратавальнікамі.

У сельскіх населеных пунктах на адкрытых пляцоўках пройдуць тэматычныя «Кірмашы бяспекі», дзе ратавальнікі прадугледзелі мноства «зон актывацыі»: «Пажарны шчыт», «Парушэнні ў доме», «Прынцып дзеяння вогнетушыцеля», «Жукі-павукі», «Печкі– лавачкі», «Бяспечны электрык» і многія іншыя.

Гэта толькі невялікі пералік тых мерапрыемстваў, якія правядуць ратавальнікі з пажылымі грамадзянамі ў межах кампаніі «З клопатам пра бяспеку малой Радзімы».

Удзельнічайце ў акцыі, бо бяспекі шмат не бывае!

Ратавальнікі пераканаўча просяць жыхароў раёна прыняць усе неабходныя меры па прывядзенні ў пажарабяспечны стан сваіх домаўладанняў. Будзьце асцярожныя ў абыходжанні з агнём, не дапускайце курэння ў жылых памяшканнях, выконвайце правілы бяспекі пры эксплуатацыі прыбораў ацяплення і электраабсталявання, не пакідайце дзяцей без нагляду.