20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі да канца 2012 года будзе зніжана да ўзроўню 22-23%. Аб гэтым заявіў сёння першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Мікалай Лузгін на пасяджэнні рэспубліканскага клуба дырэктараў, арганізаваным Бізнес-саюзам прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Ва ўмовах стабілізаванага валютнага рынку і запаволення тэмпаў інфляцыі Нацбанк на працягу 2012 года будзе праводзіць плаўнае і пакрокавае зніжэнне стаўкі рэфінансавання. Мікалай Лузгін не выключае, што першае ў бягучым годзе зніжэнне стаўкі рэфінансавання будзе разгледжана праўленнем Нацбанка ўжо ў першым квартале. "Адносна велічыні кроку зніжэння стаўкі рэфінансавання будзе дыскусія", - лічыць ён. Першыя тыдні новага года пацвярджаюць аптымістычныя прагнозы адносна абменнага курса беларускага рубля, адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка. Насельніцтва па-ранейшаму значна больш здае валюты, чым купляе, што дазваляе Нацбанку абыходзіцца мінімальнымі валютнымі інтэрвенцыямі і пазбягаць расходавання золатавалютных рэзерваў. Дзеючая сёння стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка складае 45% і была ўстаноўлена 12 снежня 2011 года.-0-

БЕЛТА