30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі можа знізіць стаўку рэфінансавання ў найбліжэйшы час. Пра гэта заявіла сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку кіраўніка Нацбанка, для гэтага ёсць патэнцыял. Надзея Ермакова адзначыла пры гэтым, што зніжацца стаўка рэфінансавання будзе зыходзячы з узроўню інфляцыі. "Стаўка рэфінансавання павінна быць прывязана або можа разлічвацца на аснове інфляцыі. Як толькі мы ўбачым паказчык складзенай інфляцыі ў цэлым за студзень, мы разгледзім пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання", - сказала яна. Статыстыка па інфляцыі за студзень будзе гатовая да 10 лютага, і да 15 лютага Нацбанк плануе разгледзець пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання.
Надзея Ермакова адзначыла, што, зыходзячы з той інфармацыі, якой сёння валодае Нацбанк, зніжэнне стаўкі рэфінансавання цалкам магчыма. "Цяжка сказаць у якой ступені, але ва ўсякім выпадку інфляцыя ў студзені запаволілася, і, вядома, стаўку рэфінансавання будзем прывязваць да яе", - дадала яна.
Адказваючы на пытанні журналістаў, якімі тэмпамі будзе зніжацца стаўка рэфінансавання, Надзея Ермакова расказала, што гэта будзе адбывацца паэтапна і плаўна. Яна нагадала, што ў канцы мінулага года стаўка рэфінансавання падвышалася паступова на 5 працэнтных пунктаў, што было абумоўлена тым, што стаўка рэфінансавання не даганяла інфляцыю. Паніжэнне стаўкі рэфінансавання будзе адбывацца больш павольнымі тэмпамі, каб зваротна "не раскруцілася грашовая маса", дадала кіраўнік Нацбанка. "Грошы павінны быць платнымі, ад гэтага будзе залежаць іх патрэба і іх выхад на біржы", - рэзюмавала Надзея Ермакова.-0-
БЕЛТА
Стаўка рэфінансавання можа быць зніжана найбліжэйшым часам - Н.Ермакова
30.1.20120 праглядаў