12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне аб далейшым павышэнні стаўкі рэфінансавання - з 14 верасня яна павялічваецца на 3 працэнтныя пункты і складзе 30% гадавых. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.
"Гэтая мера ўводзіцца напярэдадні адкрыцця дадатковай сесіі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы і з'яўляецца важным элементам агульнаэканамічнай палітыкі, накіраванай на стабілізацыю сітуацыі на валютным рынку і фінансавае аздараўленне эканомікі ў цэлым", - растлумачылі ў банку.
У Нацбанку лічаць, што паслядоўнае павышэнне кошту пазыковых грошай у эканоміцы "прызвана аказаць далейшы стрымліваючы ўплыў на попыт у кліентаў банкаў на крэдытныя рэсурсы на перыяд выхаду на адзіны курс". Адначасова павелічэнне стаўкі рэфінансавання стане дадатковым фактарам стымулявання працэсаў зберажэнняў у беларускіх рублях і зніжэння ціску на абменны курс.
"Нацыянальны банк працягне паслядоўную рэалізацыю мер у рамках скаардынаванай з урадам палітыкі па забеспячэнні эканамічнай і фінансавай стабілізацыі ў краіне", - запэўнілі ў Нацбанку.-0-
БЕЛТА
Стаўка рэфінансавання Нацбанка Беларусі з 14 верасня павялічыцца да 30%
12.9.20110 праглядаў