11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі з 16 сакавіка павышаецца на 1,5 працэнтнага пункта да 12% гадавых, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. Такое рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка ў мэтах адэкватнага рэагавання на назіранае на пачатку бягучага года павышэнне ўзроўню інфляцыі. "Індэкс спажывецкіх цэн у лютым гэтага года склаў 102,7%, што галоўным чынам звязана з ростам тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі з-за павелічэння цаны пакупкі прыроднага газу, імпартуемага з Расійскай Федэрацыі, і ўздзеяннем павелічэння сусветных цэн на энерганосьбіты і прадукты харчавання", - адзначылі ў прэс-службе. Павышэнне стаўкі рэфінансавання на 1,5 працэнтнага пункта звязана з неабходнасцю безумоўнага выканання ключавога прынцыпу працэнтнай палітыкі Нацыянальнага банка - падтрымання ставак грашовага рынку на станоўчым узроўні ў рэальным выражэнні для надзейнай абароны рублёвых укладаў насельніцтва ў банках ад інфляцыі. На фоне няўхільнага выканання параметраў курсавой палітыкі, прадугледжаных Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год, гэтая мера прывядзе да далейшага ўзмацнення прывабнасці рублёвых зберажэнняў у параўнанні з укладамі ў замежнай валюце.-0-

БЕЛТА