14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі з сённяшняга дня зніжаецца да 11,5% гадавых, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. На фоне ўмацавання пазітыўных тэндэнцый у эканоміцы і фінансавай сферы Беларусі зноў на 0,5 працэнтнага пункта зніжаецца стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка, адзначылі ва ўпраўленні. З 14 ліпеня 2010 года яе ўзровень складзе 11,5% гадавых. Адпаведная пастанова ад 6 ліпеня 2010 года №277 прынята праўленнем Нацыянальнага банка. Чарговае памяншэнне стаўкі рэфінансавання дазволіць узмацніць тэндэнцыю зніжэння ставак па банкаўскіх крэдытах, якія прадастаўляюцца суб'ектам эканомікі і насельніцтву, што стане дадатковым стымулам да аднаўлення высокіх тэмпаў эканамічнага росту ў краіне. Пры гэтым умовы па прапанаваных банкамі рублёвых укладах насельніцтва па-ранейшаму забяспечаць больш высокую даходнасць у параўнанні з дэпазітамі ў замежнай валюце і чаканым узроўнем інфляцыі. Нагадаем, 12 мая Нацыянальны банк Беларусі знізіў стаўку рэфінансавання на 0,5 працэнтнага пункта да 12% гадавых. Раней, 19 красавіка бягучага года, стаўка рэфінансавання была зніжана з 13% да 12,5% гадавых. Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2010 год прадугледжваецца зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 9-12% гадавых, а ставак па крэдытах - да 12-15% гадавых.

БЕЛТА