15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі з 15 верасня зніжана на 0,5 працэнтнага пункта да 10,5% гадавых, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.
Такое рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка з улікам устойлівай станоўчай дынамікі асноўных макраэканамічных паказчыкаў і адносна нізкага ўзроўню інфляцыі ў краіне.
"Зніжэнне стаўкі рэфінансавання накіравана перш за ўсё на далейшае змяншэнне кошту банкаўскіх крэдытаў для насельніцтва і суб'ектаў гаспадарання, - адзначылі ў Нацбанку. - Пры гэтым дастаткова высокі ўзровень рэальных значэнняў працэнтных ставак па дэпазітах насельніцтва ў беларускіх рублях дазволіць надзейна абараніць зберажэнні грамадзян ад інфляцыі і захаваць значнае перавышэнне даходнасці рублёвых укладаў у параўнанні з дэпазітамі ў замежнай валюце".
З пачатку 2010 года Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання пяць разоў - з 13,5% у студзені да 11% гадавых у жніўні. Такім чынам, па гэтым паказчыку Нацыянальны банк увайшоў у той калідор, які вызначаны Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2010 год (9-12%).
У адпаведнасці з праектам Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год, стаўка рэфінансавання Нацбанка на канец 2011 года запланавана ў межах 8-10%. -0-
БЕЛТА
Стаўка рэфінансавання Нацбанка Беларусі зніжана да 10,5% гадавых
15.9.20100 праглядаў