Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне аб зніжэнні з 18 кастрычніка стаўкі рэфінансавання з 11,5% да 11% гадавых, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.

Рашэнне было прынята па выніках штогадовага пасяджэння ў канцы верасня па пытаннях ацэнкі і прагнозу сітуацыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы.

"Інфляцыйныя працэсы працягваюць запавольвацца. У жніўні 2017 года ў гадавым выражэнні прырост спажывецкіх цэн знізіўся да 5,3%. Асноўны ўклад у запаволенне гадавых тэмпаў росту спажывецкіх цэн уносяць тавары, не падвержаныя сезоннаму ўплыву і адміністрацыйнаму рэгуляванню", - растлумачылі ў Нацбанку.

Доля тавараў у спажывецкім кошыку, цэны на якія выраслі ў гадавым выражэнні менш чым на 5%, павялічылася ў жніўні 2017 года да 63% (каля 30% - годам раней). З улікам фактычнай дынамікі інфляцыі чакаецца, што прырост спажывецкіх цэн складзецца па выніках 2017 года ніжэй, чым прагназавалася раней, - бліжэй да 6%. Далейшыя рашэнні па змене працэнтных ставак Нацыянальнага банка будуць вызначацца верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык, якія стрымліваюць дасягненне сярэднетэрміновай мэты па інфляцыі (не больш за 5% у 2020 годзе).

Стаўка рэфінансавання зніжаецца ў Беларусі ў восьмы раз з пачатку года. Так, з 18 студзеня яна знізілася з 18% да 17% гадавых, з 15 лютага - да 16% гадавых, з 15 сакавіка - да 15% гадавых, з 19 красавіка - да 14% гадавых, з 14 чэрвеня - да 13% гадавых, з 19 ліпеня - да 12% гадавых, з 13 верасня - да 11,5%.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)