6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 сакавіка прыняў з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзею Ермакову. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Як адзначыў Прэзідэнт, у цэлым сітуацыя на фінансавым рынку Беларусі складваецца спакойная. "Зроблены зрухі па стаўцы рэфінансавання (цяпер стаўка рэфінансавання роўная 38% гадавых. - Заўвага. БЕЛТА). Гэта добра, тэндэнцыя нармальная, і мы пераконваемся ў тым, як мне дакладвае ўрад, што гэта крокі ў правільным напрамку. У гэтым напрамку мы і будзем дзейнічаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Стаўку рэфінансавання трэба зніжаць для таго, каб эканоміка магла атрымаць больш танныя грошы. Яны патрэбны. Нас жыццё ўжо да гэтага падвяло. Самі банкіры, якія непасрэдна працуюць з рэальным сектарам, кажуць, што нам сапраўды трэба ісці на зніжэнне стаўкі рэфінансавання, каб крэдыты былі даступнейшымі". На сустрэчы таксама была абмеркавана тэма інфляцыі. "Урад мне дакладвае аб тым, што на некаторыя тавары цэны пайшлі ўніз. Інфляцыя ў нас звязана з рэгуляваннем цэн, з тым, што мы самі рэгулюем, дапусцім, у адукацыі, іншых сферах. Гэта - адміністрацыйнае рэгуляванне, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - І гэта таксама добра, таму што рынкавая інфляцыя там, дзе цэны залежаць выключна ад попыту і прапановы, мае тэндэнцыю да зніжэння. Можа быць, нам і не трэба гэта зніжэнне. Нам бы стабілізавацца на гэтым узроўні і падцягваць да яго даходы насельніцтва, і ў гэтым плане ў нас добрыя тэндэнцыі". Як далажыла кіраўніку дзяржавы Надзея Ермакова, у сітуацыі на валютным і фінансавым рынках, у банкаўскай сістэме краіны ў цэлым адзначаецца сур'ёзная стабілізацыя. Што тычыцца змяншэння стаўкі рэфінансавання, кіраўнік Нацбанка канстатавала, што гэта адбылося, перш за ўсё, па прычыне зніжэння інфляцыі. Гэтаму ў тым ліку спрыяла скарачэнне залішніх грошай у абарачэнні, нармалізацыя сітуацыі на валютным рынку, натуральнае зніжэнне цэн на некаторыя тавары. "Вядома, ёсць адміністрацыйны рэсурс, які стрымлівае цэны. Гэта таксама нармальная сітуацыя, таму што кожная краіна рэгулюе тыя ці іншыя цэны, асабліва на сацыяльна значныя тавары ці паслугі", - сказала Надзея Ермакова. Яна адзначыла, што стаўка рэфінансавання павінна заставацца станоўчай у параўнанні з узроўнем інфляцыі.