26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да канца года стаўка рэфінансавання ў Беларусі захаваецца на ранейшым узроўні. Аб гэтым паведаміла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова падчас прамой тэлефоннай лініі і анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. Апошні раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжалася ў верасні бягучага года. Цяпер яна складае 30% гадавых пры раней прагназаваных Нацбанкам на канец года 25-26%. "Сапраўды, яе значэнне вышэйшае, чым было запланавана на канец года, аднак для гэтага існуюць аб'ектыўныя эканамічныя прычыны. Прымаючы рашэнне аб змяненні стаўкі рэфінансавання, Нацыянальны банк акрамя фактычнай інфляцыі ўлічвае цэлы комплекс знешніх і ўнутраных макраэканамічных умоў", - растлумачыла кіраўнік Нацбанка. Узровень інфляцыі ў гэтым годзе ў цэлым адпавядае значэнням, якія вызначаны ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год. Аднак і ў эканоміцы, і сярод насельніцтва захоўваюцца дастаткова высокія інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні. Неабходнасць дамагчыся іх устойлівага зніжэння, забяспечыць станоўчы ўзровень працэнтных ставак у эканоміцы ў рэальным выражэнні і стварыць умовы для далейшага зніжэння інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве не дазваляе ў цяперашні час змякчыць грашова-крэдытную палітыку і знізіць стаўку рэфінансавання, адзначыла Надзея Ермакова. "Што тычыцца прагнозу значэння ўзроўню стаўкі рэфінансавання на 2013 год (13-15% на канец года. - Заўвага. БЕЛТА), то ён з'яўляецца выканальным пры ўмове далейшага запаволення інфляцыйных працэсаў, а таксама з улікам захавання стабільнай сітуацыі на валютным рынку, знешнім сектары і ў цэлым макраэканамічнай сітуацыі ў рэспубліцы, - падкрэсліла кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі. - На дасягненне гэтай мэты ў 2013 годзе будуць накіраваны ўсе наяўныя ў распараджэнні Нацыянальнага банка інструменты грашова-крэдытнай палітыкі". У 2013 годзе чакаецца далейшае зніжэнне інфляцыі - да ўзроўню 12% у гадавым вылічэнні. "На дасягненне гэтай мэты будзе накіравана грашова-крэдытная палітыка Нацыянальнага банка і эканамічная палітыка ўрада", - падкрэсліла Надзея Ермакова.