11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 12 верасня 2012 года зніжаецца да 30% гадавых. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове праўлення Нацыянальнага банка Беларусі №462 ад 7 верасня 2012 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка. "Фактычная дынаміка інфляцыі ў мінулым перыядзе знаходзілася ў межах прагнозных параметраў, што на фоне стабільнай эканамічнай сітуацыі, якая складваецца ў краіне, дазволіла працягнуць паступовае зніжэнне стаўкі рэфінансавання", - растлумачылі ў Нацыянальным банку. Устанаўленне такога ўзроўню стаўкі рэфінансавання захавае бягучую жорсткасць грашова-крэдытнай палітыкі, што будзе спрыяць запаволенню інфляцыі і стварэнню ўмоў для яе істотнага зніжэння ў сярэднетэрміновай перспектыве. Пры гэтым па-ранейшаму будуць забяспечаны прывабныя ўмовы рублёвай формы зберажэнняў з даходнасцю, якая значна перавышае даходнасць укладаў у замежнай валюце, падкрэслілі ў галоўным банку краіны. Папярэдні раз Нацыянальны банк Беларусі знізіў стаўку рэфінансавання 15 жніўня бягучага года з 31% да 30,5% гадавых. Цяперашняе зніжэнне стаўкі рэфінансавання стала ўжо восьмым з пачатку бягучага года. За гэты час стаўка рэфінансавання была зніжана ў цэлым на 15 працэнтных пунктаў (з 45% да 30% гадавых). Пры гэтым у апошні час Нацыянальны банк некалькі запаволіў тэмпы зніжэння стаўкі рэфінансавання - з 2 працэнтных пунктаў у месяц першапачаткова да 0,5 працэнтнага пункта ў месяц. У 2011 годзе стаўка рэфінансавання падвышалася 12 разоў. Згодна з прагнознымі паказчыкамі Нацыянальнага банка, стаўку рэфінансавання да канца 2012 года плануецца знізіць да 20-23% гадавых пры ўмове зніжэння інфляцыі да 19-22%.-0-

БЕЛТА