11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі з 16 мая зніжае стаўку рэфінансавання да 34% гадавых. Адпаведную пастанову № 229 ад 10 мая 2012 года прыняло Праўленне Нацыянальнага банка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
Камітэтам па грашова-крэдытнай палітыцы банка прынята рашэнне аб зніжэнні з 16 мая бягучага года працэнтнай стаўкі па пастаянна даступных аперацыях падтрымкі ліквіднасці (крэдыт авярнайт, СВОП авярнайт) і двухбаковых аперацыях (ломбардны крэдыт, здзелкі СВОП) з 60% да 55% гадавых, працэнтнай стаўкі па пастаянна даступных аперацыях вываду ліквіднасці (дэпазіт авярнайт) – з 23% да 20% гадавых.
Ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей банка адзначылі, што дадзеныя рашэнні грунтуюцца на пазітыўных ацэнках захавання ў бягучым годзе бягучых тэндэнцый у эканоміцы, у першую чаргу запаволення інфляцыйных працэсаў. Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў красавіку 2012 года ў параўнанні са снежнем 2011-га склаў 106,8%, у тым ліку базавы індэкс спажывецкіх цэн – 106,1%, што адпавядае іх прагнозным дынаміцы з выхадам па выніках года на ўзровень інфляцыі ў 19-22%.
Па дадзеных Нацбанка, паслядоўнае павышэнне дадатнага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі нароўні з пастаянным перавышэннем прапановы замежнай валюты над попытам на яе на ўнутраным валютным рынку фарміруюць умовы для ўстойлівасці абменнага курса беларускага рубля і нават для ўмацавання нацыянальнай валюты.
Нягледзячы на зніжэнне працэнтных ставак, грашова-крэдытныя ўмовы захаваюць ступень жорсткасці, неабходную для падтрымання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці ў краіне.
"Нацыянальны банк мае намер і ў далейшым праводзіць гнуткую працэнтную палітыку, своечасова рэагаваць на змяненне сітуацыі ва знешнім гандлі, рэальным сектары эканомікі і на фінансавых рынках", – падкрэслілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей.-0-
БЕЛТА
Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 16 мая зніжаецца да 34% гадавых
11.5.20120 праглядаў