15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 20 чэрвеня 2012 года зніжаецца да 32% гадавых. Адпаведнае рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка. Адначасова зніжаецца працэнтная стаўка па пастаянна даступных аперацыях падтрымкі ліквіднасці (крэдыт авернайт, СВОП авернайт) і двухбаковых аперацыях (ломбардны крэдыт, здзелкі СВОП) з 55% да 50% гадавых. Фактычная дынаміка большасці макраэканамічных індыкатараў і іх ацэнка на сярэднетэрміновы перыяд пацвярджаюць магчымасць зніжэння намінальнага ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы без узмацнення рызык для збалансаванага развіцця краіны, адзначылі ў Нацыянальным банку. "Узровень інфляцыі ў цэлым адпавядае прагнозным параметрам на 2012 год. Спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў маі 2012 года ў параўнанні са снежнем 2011 года павялічыліся на 8,5%, пры гэтым базавы індэкс спажывецкіх цэн склаўся на больш нізкім узроўні - 108%", - паведамілі ў галоўным банку краіны. "Стан і перспектывы знешняга гандлю ацэньваюцца як спрыяльныя. Захаванне станоўчага знешнегандлёвага сальда аказвае пазітыўнае ўздзеянне на дынаміку абменнага курса беларускага рубля, нягледзячы на кароткатэрміновыя ваганні попыту і прапановы на ўнутраным валютным рынку", - сказалі ў Нацбанку. Разам з тым захоўваюцца дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні пры агульнай тэндэнцыі іх зніжэння, адзначылі ў галоўным банку краіны. "Дадзены фактар паказвае на заўчаснасць значнага змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі", - падкрэслілі там. "У той жа час зніжэнне стаўкі рэфінансавання на 2 працэнтныя пункты ва ўмовах запаволення інфляцыі дазваляе пакінуць рэальныя значэнні працэнтных ставак на крэдытна-дэпазітным рынку на ранейшым узроўні. Такім чынам захоўваецца бягучая ступень жорсткасці працэнтнай палітыкі, якая забяспечвае фарміраванне ўмоў, неабходных для падтрымання ў краіне макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці", - адзначылі ў Нацыянальным банку.-0-

БЕЛТА