16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 16 красавіка зніжаецца на 1 працэнтны пункт да 22,5% гадавых. Адпаведнае рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка і замацавана ў пастанове № 217 ад 4 красавіка, паведамляе БЕЛТА.
Як растлумачылі раней у кіраўніцтве Нацбанка, зніжэнне стаўкі рэфінансавання выклікана аб'ектыўнымі прычынамі. "Сёння ёсць магчымасць пры захаванні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі стаўку рэфінансавання знізіць, - адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны. - Зыходзячы з таго, што ўзровень інфляцыі ідзе на зніжэнне, магчымасці для зніжэння стаўкі рэфінансавання на адзін працэнтны пункт дастаткова аб'ектыўныя". Гэтыя меры ён, у тым ліку, аргументаваў пэўнай стабілізацыяй на грашовым рынку Беларусі.
Апошні раз Нацбанк мяняў узровень стаўкі рэфінансавання ў чэрвені 2013 года - на 1,5 працэнтнага пункта да 23,5% гадавых.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)