8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжаецца з 15 лютага на 2 працэнтныя пункты да 43% гадавых. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі №35 ад 7 лютага 2012 года. "Памяншэнне стаўкі рэфінансавання дазволіць знізіць крэдытную нагрузку на пазычальнікаў. Пры гэтым умовы па прапанаваных банкамі рублёвых укладах насельніцтва па-ранейшаму забяспечаць істотна больш высокую даходнасць у параўнанні з дэпазітамі ў замежнай валюце і чаканым узроўнем інфляцыі", - адзначылі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. Далейшая дынаміка стаўкі рэфінансавання будзе залежаць ад сітуацыі, якая складваецца ў грашова-крэдытнай сферы і эканоміцы ў цэлым. "У апошнія месяцы назіраюцца ўстойлівыя пазітыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы Беларусі", - падкрэслілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. Інфляцыйныя працэсы запаволіліся, рост спажывецкіх цэн у снежні 2011 года - студзені 2012 года знізіўся да ўзроўню каля 2% у месяц. У выніку павелічэння прапановы замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку застаецца стабільным курс беларускага рубля. Назіраецца ўстойлівы рост рублёвых дэпазітаў у банках, у першую чаргу тэрміновых укладаў насельніцтва. "Па меры ўмацавання пазітыўных тэндэнцый Нацыянальны банк плануе працягнуць паступовае зніжэнне стаўкі рэфінансавання і агульнага ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы", - паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.-0-

БЕЛТА