15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 15 жніўня 2012 года зніжаецца да 30,5% гадавых. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове праўлення Нацыянальнага банка Беларусі №405 ад 6 жніўня 2012 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.
"У мінулым перыядзе 2012 года фактычная дынаміка інфляцыі знаходзілася строга ў межах прагнозных параметраў (спажывецкія цэны на тавары і паслугі за студзень-чэрвень і 3 тыдні ліпеня 2012 года павялічыліся на 11,9%). Разам з тым для далейшага запаволення тэмпаў росту цэн патрабуецца захаванне жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, што абумоўлівае паступовае зніжэнне стаўкі рэфінансавання", - растлумачылі ў Нацыянальным банку.
Пры гэтым па-ранейшаму будуць забяспечаны прывабныя ўмовы рублёвай формы зберажэнняў з даходнасцю, якая значна перавышае даходнасць укладаў у замежнай валюце, падкрэслілі ў галоўным банку краіны.
Папярэдні раз Нацыянальны банк Беларусі знізіў стаўку рэфінансавання 18 ліпеня бягучага года - з 32% да 31% гадавых. Цяперашняе зніжэнне стаўкі рэфінансавання стала ўжо сёмым з пачатку бягучага года. За гэты час стаўка рэфінансавання была зніжана ў цэлым на 14,5 працэнтных пункта (з 45% да 30,5% гадавых). Пры гэтым у апошні час Нацыянальны банк некалькі запаволіў тэмп зніжэння стаўкі рэфінансавання - з 2 працэнтных пунктаў у месяц першапачаткова да 0,5 працэнтнага пункта ў месяц падчас апошняга зніжэння (з 15 жніўня). У 2011 годзе стаўка рэфінансавання падвышалася 12 разоў.
Згодна з прагнознымі паказчыкамі Нацыянальнага банка, стаўку рэфінансавання да канца 2012 года плануецца знізіць да 20-23% гадавых пры ўмове зніжэння інфляцыі да 19-22%.-0-
БЕЛТА
Стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжана да 30,5% гадавых
15.8.20120 праглядаў