Стылізаваную мадэль друкарскага станка часоў Францыска Скарыны і Іагана Гутэнберга стварылі ў Полацку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
Стылізаваную мадэль друкарскага станка часоў Францыска Скарыны і Іагана Гутэнберга стварылі ў Полацку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
Стварэнне станка — адзін з этапаў арт-праекта "Полацкая друкарня", які спецыяльна да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання рэалізаваны калектывам Полацкай дзіцячай мастацкай школы. Ва ўстанове вырашылі, што нашчадкі Скарыны павінны ведаць, як нараджаліся першыя друкаваныя кнігі Беларусі.
Каб асвоіць майстэрства кнігадрукавання, дзеці вывучалі разнастайныя графічныя тэхнікі і стваралі творчыя кампазіцыі друкаванай графікі, а выкладчык школы Дзмітрый Свяцкі зрабіў сапраўдны станок для друкавання гравюр. "Унікальнасць станка ў тым, што ён створаны як стылізаваная мадэль друкарскага станка часоў Францыска Скарыны і Іагана Гутэнберга, — падкрэслілі ў прэс-службе. — Удзельнікі праекта асвойвалі такія графічныя тэхнікі, як лінагравюра, гравюра на гіпсе і на кардоне, друк з дапамогай шаблонаў, трафарэтаў, капіравальнай паперы. У цэлым вучнямі і выкладчыкамі было надрукавана некалькі сотняў работ".
Фіналам арт-праекта "Полацкая друкарня" стане тэматычная мастацкая пляцоўка падчас правядзення Дня беларускага пісьменства ў Полацку. Тут будзе прадстаўлена выстава друкаванай графікі, пройдуць майстар-класы па друкаванні гравюр. У Полацку запэўніваюць, што ўсе ўдзельнікі і госці свята будуць мець магчымасць уласнаручна надрукаваць невялікую кампазіцыю на мадэлі друкарскага станка часоў Скарыны.