6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памеры стыпендый у Беларусі будуць прывязаны да тарыфнай стаўкі першага разраду. Гэта прадугледжана ўказам №398 "Аб сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў", які 6 верасня падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Указ прыняты ў мэтах павышэння сацыяльнай абароненасці навучэнцаў і студэнтаў, а таксама якасці падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, эфектыўнасці іх навукова-даследчай дзейнасці. У адпаведнасці з дакументам, усе віды стыпендый устанаўліваюцца ў памерах, кратных тарыфнай стаўцы першага разраду. Такі падыход дазволіць спрасціць парадак вылічэння стыпендый і будзе спрыяць іх аператыўнаму пераразліку. У мэтах недапушчэння зніжэння памераў стыпендый, прызначаных да ўступлення ў сілу ўказа, прадугледжана іх захаванне да чарговага змянення тарыфнай стаўкі першага разраду. Указам таксама павышаюцца памеры стыпендый асобным катэгорыям навучэнцаў. Памер навучальнай стыпендыі магістрантам устанаўліваецца на ўзроўні стыпендыі, назначаемай студэнтам-выдатнікам, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы I ступені вышэйшай адукацыі. Упарадкаваны пералік асоб, якія маюць права на назначэнне сацыяльнай стыпендыі пры асваенні зместу адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі да паступлення ў установы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Такое права прадастаўлена дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама тым, хто прыраўнаваны да гэтай катэгорыі. Аспірантам, якім назначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і якія ў межах устаноўленага тэрміну навучання абаранілі дысертацыі, у месяц адлічэння з аспірантуры ў сувязі з яе датэрміновай абаронай названая стыпендыя будзе выплачвацца ў трохразовым памеры. Указам таксама прадугледжана павялічыць на 0,4% аб'ём бюджэтных сродкаў, накіроўваемых на выплату надбавак за поспехі ў вучобе, грамадскай і навуковай працы і аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам. Прыняцце ўказа з'яўляецца сведчаннем таго, што клопат дзяржавы аб моладзі застаецца прыярытэтнай задачай сацыяльнай палітыкі Беларусі.-0-

БЕЛТА