21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кошт навучання ў ВНУ і ССНУ Беларусі павялічыцца не больш чым на 25%. Кожная навучальная ўстанова, падлічыўшы свае затраты на адукацыйныя паслугі, падала ў Міністэрства адукацыі прапановы, якія былі скарэкціраваны. Як расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў ведамстве, "хоць ВНУ і ССНУ самі вызначаюць кошт навучання, але ў сітуацыі, якая склалася, кіраўніцтву ВНУ і ССНУ было рэкамендавана не павялічваць кошт навучання больш чым на 25% у параўнанні з дзеючай цаной". ВНУ і ССНУ могуць павялічыць аплату па ўсіх формах навучання - дзённай, завочнай, вячэрняй, але толькі з улікам эканамічна абгрунтаваных затрат, неабходных для падрыхтоўкі спецыяліста па канкрэтнай спецыяльнасці (спецыялізацыі) у гэтай навучальнай установе. Выказваліся розныя прапановы, было выпрацавана кансалідаванае рашэнне, што павелічэнне можа быць не вышэй за 25%. У некаторых навучальных установах, згодна з абгрунтаванасцю затрат, яно будзе ніжэй. Навучальныя ўстановы могуць правесці пераразлік у сувязі з тым, што ў Беларусі былі прыняты рашэнні па павелічэнні стаўкі першага разраду (на 28%) з 1 кастрычніка бягучага года да Br151 тыс. (пастанова ўрада № 1310 ад 1 кастрычніка 2011 года), а таксама павелічэнні іншых цэн і тарыфаў на работы (паслугі). Згодна з гэтымі павелічэннямі ўстановы адукацыі пры неабходнасці могуць перагледзець калькуляцыі на платнае навучанне па артыкулах: "заработная плата", "налічэнні на заработную плату", "накладныя расходы" ў частцы камунальных расходаў. Пры гэтым у планавую калькуляцыю павінны быць уключаны затраты па дзеючых для бюджэтных арганізацый нормах і нарматывах. Перагляд цэн на платнае навучанне ВНУ і ССНУ будуць праводзіць у адзін этап. Установы самастойна прымуць рашэнні, з якога чысла (з 1 кастрычніка або з 1 лістапада) правесці пераразлік. Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўстановам адукацыі правесці тлумачальную працу сярод навучэнцаў і іх бацькоў аб неабходнасці павышэння кошту платнага навучання з 1 кастрычніка. "Мы рэкамендавалі ўсім кіраўнікам ВНУ і ССНУ, улічваючы сацыяльную значнасць паслугі, на падставе заяў грамадзян ажыццяўляць спагнанне дадатковай платы за навучанне з адтэрміноўкай плацяжу для навучэнцаў, а таксама прадастаўляць растэрміноўку плацяжу па спагнанні дадатковай платы за навучанне", - адзначылі ў Мінадукацыі.Кошты на платнае навучанне ў дзяржаўных установах адукацыі фарміруюцца ў адпаведнасці з указам ад 28 лютага 2006 года №126 "Аб некаторых пытаннях атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на платнай аснове" (у рэдакцыі падпункта 1.28. пункта 1 указа ад 30 верасня 2011 года №439 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях адукацыі") і прынятымі нарматыўнымі прававымі актамі па рэалізацыі ўказа. На падставе заканадаўства кошт платнага навучання ўстанаўліваецца ўстановай адукацыі самастойна, зацвярджаецца кіраўніком у беларускіх рублях і ўключаецца ў дагавор на падрыхтоўку спецыяліста.-0-

БЕЛТА