5 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Сталіца Дня беларускага пісьменства - Глыбокае - стане горадам кветак. Упэўненасць у гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказалі спецыялісты аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Глыбоцкага райвыканкама.
Плануецца высадзіць каля 50 тыс. штук расады аднагадовых кветак, уздоўж вуліц - больш за 1 тыс. кустарнікаў. Звыш 700 кустоў пузыраплодніка і акацыі ўжо ўпрыгожваюць горад. Неўзабаве да іх далучацца 70 ліп і каштанаў, дзясятак рабін і каля двух дзясяткаў хвойных. Работы па азеляненні вядуцца практычна на ўсіх цэнтральных вуліцах. На дапамогу работнікам камунальных службаў прыйшлі прадпрыемствы і арганізацыі Глыбокага.
Работы па добраўпарадкаванні раённага цэнтра пачаліся задоўга да афіцыйнага абвяшчэння Глыбокага сталіцай Дня беларускага пісьменства 2012 года. У цяперашні час рэалізуюцца мерапрыемствы плана падрыхтоўкі горада да святкаванняў, у які ўключаны рамонт і добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц, будынкаў і збудаванняў, месцаў адпачынку.
Свята пройдзе ў Глыбокім 2 верасня.
Глыбоцкі раён мае найбагацейшую культурна-гістарычную, духоўную спадчыну: у ім знаходзіцца 61 помнік гісторыі архітэктуры, старажытнае гарадзішча, курганы, а таксама 17 храмаў - помнікаў архітэктуры, з якіх чатыры - помнікі рэспубліканскага значэння. У Глыбоцкім раёне жывуць і працуюць пяць членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.-0-
БЕЛТА
Сталіца Дня беларускага пісьменства – Глыбокае – стане горадам кветак
5.5.20120 праглядаў