З новага навучальнага года ў агульнаадукацыйных школах Беларусі могуць з'явіцца стопмены
17.8.20120 праглядаў
17 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Стопмены з новага навучальнага года могуць з'явіцца ў агульнаадукацыйных школах Беларусі. Аб гэтым сёння на семінары-нарадзе супрацоўнікаў аддзяленняў і міжраённых аддзелаў УДАІ Віцебскай вобласці, якія адказваюць за прафілактыку і папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму і ўзаемадзеянне са СМІ, паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі Ганна Банадык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За сем месяцаў бягучага года ў рэспубліцы назіраецца зніжэнне дзіцячага траўматызму на дарогах. Так, колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей скарацілася на 27% да 235, на 26% паменшылася колькасць параненых у аварыях дзяцей - да 243. З студзеня па ліпень на дарогах загінулі 11 дзяцей, і хоць гэта на 45% менш, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі занепакоеныя кожным такім выпадкам. Асаблівую трывогу дарожных інспектараў выклікае пачатак навучальнага года, калі хлопчыкі і дзяўчынкі вяртаюцца дадому ў горад з лагераў і ад вясковых сваякоў, падзабыўшы за канікулы правілы бяспечных паводзін на дарозе. Як паказвае статыстыка, асцярогі не марныя. Толькі з пачатку жніўня ў Беларусі загінулі чацвёра дзяцей: двое ў Віцебскай вобласці, па адным - у Мінску і Мінскай вобласці.
Напярэдадні новага навучальнага года супрацоўнікі ДАІ, міліцыі грамадскай бяспекі, педагогі, бацькі павінны аб'яднаць свае намаганні па забеспячэнні бяспекі дзяцей, падкрэсліла Ганна Банадык. У сувязі з гэтым у рэспубліцы з 27 жніўня па 10 верасня пройдзе комплекс мерапрыемстваў "Увага! Дзеці ідуць у школу", з 3 верасня па 9 верасня МУС і Мінадукацыі правядуць ва ўсіх школах Тыдзень бяспечнага руху. Акрамя таго, з пачатку навучальнага года каля ўсіх школ, размешчаных непасрэдна паблізу праезнай часткі дарог, могуць з'явіцца стопмены, якія будуць сумесна з супрацоўнікамі ДАІ несці дзяжурства ля пешаходных пераходаў і дапамагаць перайсці дарогу школьнікам. Эксперымент з іх удзелам праводзілі некаторыя навучальныя ўстановы краіны і на аснове іх вопыту распрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі, якія, як чакаецца, з'явяцца да верасня ў школах.
ДАІ таксама настойвае на тым, каб дарога са школы да пераходу была пазначана яркімі слядамі, па якіх дзеці змаглі б запомніць бяспечны шлях дадому. "Задача дарослых - навучыць дзяцей не столькі правілам дарожнага руху, колькі правілам бяспечных паводзін на праезнай частцы", - падкрэсліла прадстаўнік УДАІ МУС.
Семінар-нарада супрацоўнікаў аддзяленняў і міжраённых аддзелаў УДАІ Віцебскай вобласці, якія адказваюць за прафілактыку і папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму і ўзаемадзеянне са СМІ, быў арганізаваны аддзяленнем агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама і ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама.-0-
БЕЛТА