Стратэгія развіцця геалагічнай галіны да 2025 года распрацавана ў Беларусі
24.10.20120 праглядаў
24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стратэгія развіцця геалагічнай галіны да 2025 года распрацавана ў Беларусі. Дакумент сёння прадставіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко на пасяджэнні дзяржсавета па пытаннях комплекснага выкарыстання мінеральнай сыравіны, якое прайшло пад старшынствам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Стратэгія заклікана стаць асновай доўгатэрміновага планавання дзейнасці навуковых і вытворчых арганізацый у сферы вывучэння нетраў і іх асваення", - растлумачыў Уладзімір Цалко.
Дакумент прадугледжвае тры этапы. На першым - 2013-ы год - плануецца распрацоўка першачарговых нарматыўна-прававых і эканамічных механізмаў развіцця галіны, а таксама ўдасканаленне навуковага забеспячэння геалагічных работ. На другім этапе - 2014-2015 гады - прадугледжваецца распрацоўка і зацвярджэнне дзяржпраграмы "Дзяржгеакарта" маштабам 1:2000, заснаванай на ўжо наяўнай інфармацыі па глыбокім свідраванні, а таксама на новых даных з беларускага спадарожніка.
На трэцім этапе - 2016-2025 гады - у выніку ўвядзення абноўленай нарматыўна-прававой базы і новых эканамічных механізмаў па павышэнні прывабнасці інвесціравання ў геалагічныя работы прадугледжваецца выхад галіны на новы ўзровень развіцця. "Гэта дазволіць зрабіць яе канкурэнтаздольнай на сусветным рынку геалагічных паслуг, у першую чаргу ў краінах СНД, Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі", - растлумачыў міністр.
У адпаведнасці са стратэгіяй, плануецца істотна павялічыць фінансаванне геолагаразведачных работ, у тым ліку шляхам прыцягнення замежных інвестыцый. Да выканання дакумента плануецца прыступіць ужо ў наступным годзе.
Адной з галоўных мэт стратэгіі стане рост геалагічнай вывучанасці тэрыторыі Беларусі, перш за ўсё шляхам пашырэння рэгіянальных даследаванняў. Большасць матэрыялаў у гэтай сферы ўжо састарэлі і патрабуюць абнаўлення.
Прэм'ер-міністр даручыў дапрацаваць праект стратэгіі з улікам дэталёвага вывучэння перспектыў не толькі разведкі, але і асваення карысных выкапняў. "Мы павінны ведаць, што атрымаем з уласных нетраў і як імі распарадзіцца", - падкрэсліў ён. Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на неабходнасць стварэння тэхналогій распрацоўкі шэрагу цяжкадабывальных карысных выкапняў, у тым ліку фасфарытаў. Таксама ён даручыў вывучыць перспектывы ўдзелу Беларусі ў распрацоўцы, асваенні і перапрацоўцы радовішчаў за мяжой, у тым ліку з прымяненнем уласных тэхналогій.
Акрамя гэтага, прэм'ер-міністр даў даручэнне прапрацаваць магчымасць стварэння на базе беларускага навукова-даследчага разведачнага інстытута "БелНДРІ" навукова-практычнага цэнтра па геалогіі з уключэннем у яго склад як галіновых цэнтраў і кафедраў, так і інжынірынгавых цэнтраў, а таксама профільных прадпрыемстваў.-0-
БЕЛТА