Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 студзеня падпісаў указ №46 "Аб асаблівасцях будаўніцтва і прыёмкі аб'ектаў у эксплуатацыю". У адпаведнасці з дакументам істотна спрошчана будаўніцтва юрыдычнымі асобамі аб'ектаў, якія адносяцца да чацвёртага і пятага класаў складанасці (паводле класіфікацыі, устаноўленай будаўнічымі нормамі Беларусі). Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Прыёмка ў эксплуатацыю такіх аб'ектаў, узведзеных па паўторна прымяняльных праектах альбо праектах, якія прайшлі дзяржаўную будаўнічую экспертызу, будзе ажыццяўляцца толькі на падставе заключэння органаў дзяржбуднагляду без атрымання заключэнняў іншых наглядных органаў.

Заказчыкам прадастаўляецца права будаваць (узводзіць, рэканструяваць, мадэрнізаваць) названыя аб'екты на падставе чарцяжоў, дастатковых для пацвярджэння выканання патрабаванняў бяспекі, і эскізнага праекта, узгодненага падраздзяленнем па архітэктуры мясцовага выканаўчага камітэта.

Склад і аб'ём неабходных чарцяжоў вызначаецца заказчыкам самастойна. Парадак узгаднення эскізнага праекта і яго склад будзе ўстаноўлены ўрадам.

Указам выключаецца неабходнасць атрымання дазвольнай дакументацыі, распрацоўкі прадпраектнай, праектнай дакументацыі і правядзення яе экспертыз (будаўнічай, экалагічнай і іншых).

Асноўнымі ўмовамі прымянення спрошчанага парадку будаўніцтва з'яўляюцца наяўнасць у заказчыка зямельнага ўчастка, прадастаўленага ва ўстаноўленым парадку, а прызначэнне аб'екта, які будуецца, павінна адпавядаць зацверджанаму генеральнаму плану развіцця тэрыторыі.  
У мэтах забеспячэння бяспекі аб'ектаў, што ўзводзяцца, указам прадугледжаны асаблівы парадак прыёмкі іх у эксплуатацыю, у тым ліку з улікам патрабаванняў экалагічнай, пажарнай бяспекі і будаўнічых нормаў.

Нормы ўказа ў частцы спрошчанага парадку прыёмкі аб'ектаў у эксплуатацыю ўступаюць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

belta.by