26 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Інвестыцыйная праграма Віцебска на 2013 год уключае 47 аб'ектаў і ацэньваецца ў Br98 млрд. Дэпутаты гарадскога Савета сёння на сесіі зацвердзілі інвестпраграму, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праграма заклікана эфектыўна і рацыянальна выкарыстоўваць сродкі бюджэту горада, накіроўваныя на інвестыцыі ў асноўны капітал. У яе ўвайшлі аб'екты, праектаванне, будаўніцтва, мадэрнізацыя і рэканструкцыя якіх пачнуцца ў 2013 годзе за кошт сродкаў гарадскога бюджэту і іншых крыніц фінансавання. У лік такіх аб'ектаў увайшло будаўніцтва Палаца ўрачыстых абрадаў. На жаль, у абласным цэнтры да гэтага часу гарадскі аддзел ЗАГС, дзе праводзіцца ўрачыстая рэгістрацыя шлюбаў, цесніцца ў прыстасаваным памяшканні на першым паверсе жылога дома. У праграму таксама ўвайшлі рэканструкцыя з рэстаўрацыяй трох помнікаў архітэктуры, рэканструкцыя ўстаноў аховы здароўя, будаўніцтва новых кватэр для грамадзян, чыё жыллё прызнана старым і непрыдатным для пражывання, добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый. У цэлым больш Вr58 млрд. са сродкаў, прадугледжаных праграмай, накіроўваецца на аб'екты камунальнай гаспадаркі, звыш Br13 млрд. - на абнаўленне помнікаў архітэктуры, Br15 млрд. - на рэканструкцыю дзвюх устаноў аховы здароўя.-0-

БЕЛТА