4 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Звыш Br680 млрд. накіроўваецца з бюджэту ў 2013 годзе на рэалізацыю інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па будаўніцтве і архітэктуры Віцебскага аблвыканкама. Рэгіянальная інвестпраграма заклікана рацыянальна выкарыстоўваць сродкі бюджэту, якія накіроўваюцца на інвестыцыі ў асноўны капітал. Яна дазволіць забяспечыць увод у эксплуатацыю ў бягучым годзе найважнейшых аб'ектаў сацыяльнага прызначэння, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу галін сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Найважнейшай з задач, якія дазволіць вырашыць праграма, стане скарачэнне аб'ёмаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Вялікая ўвага будзе нададзена далейшаму нарошчванню аб'ёмаў узвядзення жылля, забеспячэнню жылых мікрараёнаў аб'ектамі інфраструктуры ў адпаведнасці з сацыяльнымі стандартамі. Больш за палову прадугледжанага фінансавання мяркуецца накіраваць на жыллёва-камунальную гаспадарку і жыллёвае будаўніцтва, у тым ліку на дзяржпраграму "Чыстая вада". На патрэбы адукацыі намечана вылучыць звыш Br100 млрд. За бюджэтныя сродкі будуць пабудаваны басейн у сярэдняй школе №2 у Новалукомлі, школа на 1020 вучняў у мікрараёне Білева-2 у Віцебску, базавая агульнаадукацыйная школа ў вёсцы Літусава Сенненскага раёна. На узвядзенне ў мікрараёне Юг-7 абласнога цэнтра паліклінікі, рэканструкцыю тэрапеўтычнага корпуса дзіцячай абласной бальніцы, завяршэнне будаўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы ў Міёрах, а таксама на іншыя аб'екты аховы здароўя інвестыцыйнай праграмай прадугледжваецца выдзяленне звыш Br110 млрд. Спартыўныя аб'екты таксама ўвайшлі ў абласную інвестпраграму, на іх будаўніцтва і рэканструкцыю накіроўваецца больш Br40 млрд. З бюджэту будзе прафінансавана завяршэнне будаўніцтва Лядовага палаца ў Воршы, палаца гульнявых відаў спорту ў Полацку, водна-аздараўленчага цэнтра ў Докшыцах, лыжна-ролернай трасы ў Гарадку. Таксама праграма прадугледжвае рэстаўрацыю і рэканструкцыю Свята-Духава жаночага манастыра, помніка архітэктуры ХIХ стагоддзя – будынка былога манастыра бернардзінцаў у Дубровне. Будзе рэканструявана аўтастанцыя ў Гарадку.-0-

БЕЛТА