3 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2012 годзе плануецца прыступіць да будаўніцтва шэрагу новых аб'ектаў сістэмы адукацыі. Аб гэтым паведаміў сёння на падагульняючай калегіі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама яго начальнік Іван Шчурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У сувязі з інтэнсіўным развіццём новых мікрараёнаў і змяненнем дэмаграфічнай сітуацыі ў бягучым годзе ў рэгіёне будзе весціся будаўніцтва пяці дзіцячых дашкольных устаноў у Віцебску, Полацку і зусім новага тыпу - яслі-сад-пачатковая школа ў Наваполацку. Таксама запланавана пачаць будаўніцтва дзіцячай дашкольнай установы ў Оршы, сярэдняй школы на 1020 месцаў у Віцебску, двух плавальных басейнаў у Віцебску і Навалукомлі, спальнага корпуса на 200 месцаў з харчаблокам для Віцебскага кадэцкага вучылішча. На гэтыя мэты прадугледжана накіраваць сродкі абласнога бюджэту ў памеры Br32,4 млрд. Акрамя таго, на аснове роўнадолевай удзелу сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў плануецца накіраваць Br2,4 млрд. на будаўніцтва двух жылых дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, у гарадскім пасёлку Відзы Браслаўскага раёна і аграгарадку Арэхаўна Ушацкага раёна па прэзідэнцкай праграме "Дзеці Беларусі". Таксама за кошт субвенцый, выдзеленых на фінансаванне расходаў па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, прадугледжана Br3,8 млрд. накіраваць на будаўніцтва спальнага корпуса на 166 месцаў і свідравіны па здабычы мінеральнай вады ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры (ДРАЦ) "Жамчужына" Лепельскага раёна. Усяго Інвестыцыйнай праграмай Віцебскай вобласці на 2012 год на сферу адукацыі плануецца накіраваць Br40,2 млрд. У мінулым годзе па гэтай праграме на будаўніцтва новых аб'ектаў адукацыі было выдзелена Br28,3 млрд. Рэалізацыя мерапрыемстваў дакумента дазволіла ўвесці ў эксплуатацыю пяты корпус і стадыён сярэдняй школы №18 Полацка, культурна-дасугавы цэнтр ДРАЦ "Жамчужына", два жылыя дамы сямейнага тыпу ў Шуміліне і Чашніках, завяршыць рэканструкцыю сярэдняй школы №1 у Глыбокім.-0-

БЕЛТА