Яно пройдзе з 9 чэрвеня па 3 ліпеня. 50-метровы храм збіраюцца ўзводзіць у паўднёвай частцы горада — на левым беразе Заходняй Дзвіны, недалёка ад моста імя Блохіна і гандлёвага цэнтра «Беларусь»

Яно пройдзе з 9 чэрвеня па 3 ліпеня. 50-метровы храм збіраюцца ўзводзіць у паўднёвай частцы горада — на левым беразе Заходняй Дзвіны, недалёка ад моста імя Блохіна і гандлёвага цэнтра «Беларусь». Галоўны фасад будзе арыентаваны на мост.
Архітэктурна-планіровачную канцэпцыю Сафійскага сабора ў Віцебску выканала ТАА «Стройгандальсэрвіс». Арганізатар грамадскага абмеркавання — аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкама.
Праект будаўніцтва можна будзе ўбачыць з 9 па 23 чэрвеня ў Свята-Успенскім кафедральным саборы (вуліца Крылова, 9). Яго прэзентацыя пройдзе 11 чэрвеня, з 10.00 да 11.00, у гэтым жа храме. Акрамя таго, праект размесцяць на сайце гарвыканкама ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні».
Заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання разгледзяць на абласным архітэктурна-горадабудаўнічым савеце не пазней за 17 ліпеня.
Настаяцель Сафійскага сабора протаіерэй Міхаіл Мартыновіч паведаміў «Віцьбічам», што пры ўзвядзенні храма на беразе Дзвіны «не запланавана выкарыстанне бюджэтных сродкаў», будаваць яго маюць намер толькі з дапамогай спонсараў і ахвяраванняў.
Новая царква будзе капіраваць Сафійскі сабор у Полацку, пабудаваны ў XI стагоддзі пры князю Усяславе Чарадзеі. Храм узарвалі ў XVIII стагоддзі падчас Паўночнай вайны салдаты Пятра I. Аднак пры будаўніцтве новага сабора ў стылі барока ў Полацку захаваліся фундаменты. Спецыялісты вывучылі іх, і верхнюю частку Сафіі ў Віцебску будуць будаваць на падставе гэтых абмераў.