19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будаўнікоў жылля грамадзян Беларусі дакрэдытуюць на ранейшых умовах. Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка падпісаў указ №184, якім уносяцца дапаўненні і змяненні ў некаторыя ўказы кіраўніка дзяржавы, што рэгулююць сферу жыллёвага будаўніцтва. Сутнасць дакумента ў тым, што прадастаўленне льготных крэдытаў грамадзянам, якія заключылі крэдытныя дагаворы да ўступлення ў сілу ўказа ад 6 студзеня 2012 года №13 "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў", і суправаджэнне гэтых крэдытных дагавораў у межах тэрміну іх дзеяння будуць ажыццяўляцца на ўмовах, прадугледжаных заключанымі крэдытнымі дагаворамі і заканадаўствам, што дзейнічала на момант іх заключэння (з улікам прадастаўлення адтэрміноўкі ў адпаведнасці з ч.2 падпункта 1.12 пункта 1 указа №13). Акрамя таго, у адпаведнасці з указам за ваеннаслужачымі, супрацоўнікамі Следчага камітэта, органаў унутраных спраў, фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях (незалежна ад звання), якія праходзяць службу па кантракце, захоўваюцца асноўныя ўмовы атрымання льготных крэдытаў, якія раней былі прадугледжаны указам ад 3 красавіка 2008 года №195 "Аб некаторых сацыяльна-прававых гарантыях для ваеннаслужачых, суддзяў і пракурорскіх работнікаў". У прыватнасці, за імі захоўваецца права на атрыманне льготных крэдытаў пад 5% гадавых. Замацоўваецца права ваеннаслужачых, супрацоўнікаў Следчага камітэта, органаў унутраных спраў, фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, а таксама пракурорскіх работнікаў і суддзяў, якія прыбылі ў Мінск і населеныя пункты Мінскага раёна ў сувязі з прызначэннем на пасады, быць прынятымі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў незалежна ад тэрміну пражывання ў Мінску і Мінскім раёне. Дакументам таксама ўдакладняюцца асобныя нормы указа ад 3 красавіка 2008 года №195 "Аб некаторых сацыяльна-прававых гарантыях для ваеннаслужачых, суддзяў і пракурорскіх работнікаў" з улікам практыкі яго прымянення (у частцы аплаты расходаў па праездзе і пражыванні ваеннаслужачым, якія навучаюцца ў іншых дзяржавах, захавання за сем'ямі загінулых (памерлых) ваеннаслужачых права стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы загінулага (памерлага) ваеннаслужачага). Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.-0-