16 ліпеня, Віцебск /Аляксандр Сам - БЕЛТА/. Сцэна Летняга амфітэатра ў Віцебску дазваляе рэалізаваць рэжысёрскія задумкі і праявіць вакальныя здольнасці артыстаў. Такое меркаванне выказалі сёння журналістам у Віцебску майстры мастацтваў Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Сцэна вельмі добра і ўдала пабудавана, і я з праблемамі на працягу ўсіх трох гадоў, колькі тут працую, не сутыкаўся. Хачу сказаць, што дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Радзівон Бас вельмі ўдала кожны год знаходзіць афармленчае рашэнне сцэны, якое дазваляе выкарыстоўваць розныя сцэнічныя і светлавыя эфекты. Працуючы на многіх адкрытых пляцоўках, магу сказаць, што амфітэатр цалкам адпавядае патрабаванням для песеннага конкурсу", - сказаў рэжысёр-пастаноўшчык гала-канцэрта майстроў мастацтваў Украіны Анатоль Салаўяненка. Народны артыст Украіны Уладзімір Грышко адзначыў, што сцэна дазваляе артысту "чуць свой голас, што вельмі важна для паспяховага выканання". Каралева ўкраінскага раманса Ірына Сказіна ўпершыню ўдзельнічае ў фестывалі, і таму сама яшчэ не апрабавала сцэну Летняга амфітэатра. Аднак, паводле яе слоў, першыя станоўчыя ацэнкі яна ўжо зрабіла, наведаўшы ўчорашні канцэрт Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.-0-

БЕЛТА