26 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскі фестываль калектываў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі аграрнага профілю "Студэнцкая аграрная вясна-2012" збярэ ў Віцебску будучых работнікаў сферы АПК з усёй Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Мерапрыемства адбудзецца 2-5 мая на базе Дома культуры ветэрынарнай акадэміі. Адкрыццё фестывалю 3 мая будзе адзначана насычанай танцавальна-забаўляльнай праграмай, а гарачыя конкурсныя баталіі разгорнуцца на наступны дзень. Так, 4 мая адбудзецца конкурс канцэртных праграм творчых калектываў на тэму "Фрыстайл". Удзельнікі выступяць у намінацыях: аўтарская песня, інструментальнае, вакальна-харавіцкае, харэаграфічнае, тэатральнае мастацтва і іншыя жанры (канферанс, арыгінальныя нумары, гумарэскі і г.д.). Пры гэтым абавязковым у конкурснай праграме з'яўляецца выкананне твораў беларускай народнай музыкі і беларускіх аўтараў.
Акрамя таго, пройдзе турнір "Інтэлектуальная студэнцкая аграрная вясна", прысвечаны Году кнігі. Яго рэгламент уключае чэмпіянаты гульняў "Што? Дзе? Калі?", "Свая гульня", "Медыяазбука". Традыцыйна падчас форуму адбудзецца круглы стол сакратароў і актыву пярвічных арганізацый БРСМ аграрных каледжаў. Актывісты пярвічак прадставяць паведамленне-прэзентацыю аб рабоце сваёй арганізацыі (другасная занятасць, культурна-масавая работа, валанцёрскі рух, патрыятычнае выхаванне і г.д.). Акрамя таго, запланаваны экскурсіі па акадэмгарадку і Віцебску, спортландыя і мноства іншых мерапрыемстваў.
Закрыццё фестывалю, узнагароджанне пераможцаў і гала-канцэрт з іх удзелам адбудуцца 5 мая.
Фестываль праводзіцца з мэтай прафарыентацыі навучэнцаў, прывіцця ім любові да абранай прафесіі, фарміравання светапоглядных поглядаў, выхавання грамадзянскасці і патрыятызму, выяўлення і падтрымкі адораных навучэнцаў, прыцягнення навучэнскай моладзі да навуковай дзейнасці, грамадскага жыцця. -0-
БЕЛТА
"Студэнцкая аграрная вясна-2012" збярэ ў Віцебску будучых работнікаў АПК з усёй Беларусі
26.4.20120 праглядаў