15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Студэнцкі "Славянскі базар" можа з'явіцца ўжо ў наступным годзе. Аб гэтым сёння на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. ВНУ Віцебскай вобласці цесна супрацоўнічаюць з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі расійскіх рэгіёнаў не толькі ў навуковай і навучальнай сферах, але і ў культурнай. Менавіта ў студэнцкім асяроддзі зарадзілася ідэя стварэння студэнцкага форуму мастацтваў, які аб'яднаў бы і прадэманстраваў таленты маладых людзей Беларусі, Расіі і іншых дзяржаў. Маладзёжная ініцыятыва знайшла падтрымку на высокім дзяржаўным узроўні, дадаў Аляксандр Косінец. "Моладзь - наша будучыня. Гэта будучыя кіраўнікі прадпрыемстваў, палітыкі. Калі добрыя адносіны ў іх будуць складацца ў юнацтве, то гэта гарантыя таго, што яны працягнуцца ў далейшым. Гэта, без сумневу, пойдзе на карысць нашым дзяржавам", - упэўнены губернатар. Фестываль пад умоўнай назвай "Студэнцкі "Славянскі базар" або "Студэнцкі славянскі злёт" прыблізна пройдзе ў маі-чэрвені. Дзяржсакратару Саюзнай дзяржавы Рыгору Рапоту гэтая ідэя спадабалася. "Культура служыць не толькі яднанню народаў, гэта катэгорыя эканамічная. Паводле даных сацыялагічных апытанняў, у тых рэгіёнах Расіі, дзе культуры надаецца належная ўвага, моладзь аддае перавагу заставацца на малой радзіме", - дадаў ён.-0-

БЕЛТА