20 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Самым галоўным для маладога чалавека з'яўляецца самарэалізацыя. Такі пункт гледжання выказаў сёння міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч на выязным рэспубліканскім тэматычным семінары-нарадзе начальнікаў аддзелаў па справах моладзі абласных, Мінскага гарадскога выканкамаў "Патрыятычнае выхаванне студэнцкай і працоўнай моладзі ў Віцебскай вобласці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пытанне магчымасці самарэалізацыі моладзі зараз выходзіць на першы план. Самарэалізацыя - гэта праца на карысць сябе і грамадства", - падкрэсліў міністр. На яго думку, у моладзевым асяроддзі неабходна выкараняць утриманскія настроі, калі малады чалавек лічыць, што дзяржава яму павінна. Моладзь неабходна вучыць ставіць перад сабой мэты, шукаць шляхі іх дасягнення, самім вырашаць пастаўленыя задачы і браць на сябе адказнасць.
На нядаўнім з'ездзе ГА БРСМ кіраўнік дзяржавы даручыў пашырыць будтрадаўскі рух. Міністр адукацыі ўпэўнены, што студэнцкім атрадам неабходна даручаць працу на значных аб'ектах, каб хлопцы маглі ганарыцца сваёй працай. "Так будуць развівацца і патрыятычныя пачуцці", - упэўнены Сяргей Маскевіч.
Па дадзеных сацыялагічных апытанняў, беларуская моладзь высока ацэньвае тое, што жыве ў суверэннай незалежнай краіне. "Суверэнітэт і незалежнасць краіны сталі базавымі каштоўнасцямі беларускай моладзі. Іх трэба ўмацоўваць і працягваць фарміраваць з улікам, у тым ліку, міжнароднага вопыту", - лічыць міністр.
Удзельнікі рэспубліканскага семінара пазнаёміліся з тым, як вядзецца патрыятычнае выхаванне і ідэалагічная праца са студэнцкай і працоўнай моладдзю ў Віцебскай вобласці, наведалі працоўныя калектывы ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка", Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, дзе найбольш эфектыўна будуецца праца з маладымі кадрамі, а таксама пабывалі ў абласным музеі Героя Савецкага Саюза М.Шмырова".-0-
БЕЛТА
Студэнцкім атрадам неабходна даручаць працу на значных аб'ектах - С. Маскевіч
20.1.20120 праглядаў