24 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Студэнта года выберуць сёння ў Віцебскай вобласці, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.

Абласны тур рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года" пройдзе ў абласным цэнтры на базе Дома культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. За перамогу ў ім будуць змагацца лепшыя студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі рэгіёну, якія сталі пераможцамі ВНУ-этапаў конкурсу. Ім трэба будзе пазнаёміць шматлікіх заўзятараў і членаў журы са сваімі дасягненнямі і захапленнямі, здольнасцямі і талентамі ў конкурсе "Візітная картка", арыгінальна прадставіць свае дасягненні ў вучобе і спорце на конкурсе "Партфоліо", прадэманстраваць красамоўства ў конкурсе аратарскага мастацтва. Лепшыя маладзёвыя ініцыятывы і праекты, якія папулярызуюць асноўныя напрамкі дзейнасці БРСМ канкурсантаў, будуць прадстаўлены падчас конкурснага выпрабавання "Абарона праектаў". Дапоўніць уяўленне пра студэнта выкананне пастановачнага нумара спартыўнай накіраванасці на тэму "Спорт - здаровы лад жыцця!" у конкурсе "Спартыўны мікс". Завяршальным этапам стане дэманстрацыя творчых нумароў удзельнікаў і груп падтрымкі. Яшчэ адной цікавай падзеяй будзе дэманстрацыя хатняга задання канкурсантаў - відэаролікаў гумарыстычнага характару на тэму "Я – студэнт!".

Пераможца абласнога этапу прыме ўдзел у рэспубліканскім (фінальным) туры "Студэнта года", урачыстае ўзнагароджанне і падвядзенне вынікаў якога адбудзецца падчас святкавання міжнароднага Дня студэнта.

Да пачатку мерапрыемства шматлікім гледачам і заўзятарам будуць прадстаўлены майстар-класы: "Мастацтва фатаграфіі", "Малады бізнесмен", "Прыгажосць у руху" (фітнес-трэнінг). Арганізатары выказваюць надзею, што ўдзел у іх дапаможа маладым людзям стаць паспяховымі і развіць у сабе лідарскія якасці.

Конкурс з'яўляецца значнай падзеяй у студэнцкім асяроддзі і накіраваны на развіццё і падтрымку ініцыятыў, інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу моладзі, выяўленне лідараў, папулярызацыю эфектыўных форм удзелу моладзі ў грамадскім жыцці, а таксама закліканы спрыяць самарэалізацыі студэнтаў у галіне навукі, мастацтва і спорту.