25 жніўня, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Студэнтамі беларускіх ВНУ ўсіх формаў уласнасці сталі 92,9 тыс. чалавек. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах міністра, гэта амаль на 3 тыс. чалавек больш, чым у 2008 годзе. "Акрамя таго, трэба ўлічыць, што залічэнне 3,9 тыс. абітурыентаў на завочную форму навучання ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю будзе скончана ў снежні", - распавёў Аляксандр Радзькоў.
У ВНУ дзяржаўнай формы ўласнасці залічана 80,5 тыс. студэнтаў, прыватнай формы ўласнасці - 12,4 тыс. чалавек. За кошт сродкаў бюджэту будуць навучацца 33 тыс. студэнтаў.
У гэтым годзе без уступных выпрабаванняў залічана 305 чалавек, па-за конкурсам - 598. Традыцыйна сярод дзяцей, якія паступаюць па-за конкурсам, пераважалі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Па агульным конкурсе прайшлі дзеці-інваліды (167 чалавек), выпускнікі агульнаадукацыйных школ з залатым і сярэбраным медалём (2126), выпускнікі ССНУ і ПТВ, якія скончылі навучальныя ўстановы з адзнакай (242) і іншыя. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі паступілі 1904 чалавекі. Студэнтамі беларускіх ВНУ таксама сталі 188 грамадзян іншых дзяржаў, з іх 136 чалавек - грамадзяне Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана.
"Правілы прыёму, як і сама ўступная кампанія, - адно з самых галоўных пытанняў, якія хвалююць грамадства, бо дзеці заўсёды будуць хацець атрымаць годную адукацыю, а ў бацькоў заўсёды будзе жаданне прадаставіць ім такія магчымасці", - сказаў Аляксандр Радзькоў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што конкурсны адбор ніхто не зможа адмяніць, таму што краіне патрэбны выдатныя, высокакваліфікаваныя спецыялісты, а не проста выпускнікі з дыпломам. Па словах міністра адукацыі, у гэтым годзе стаў відавочны той факт, што сельскія абітурыенты перасталі саступаць гарадскім, яны паступаюць з больш высокімі баламі, часцей рыхтуюцца самі - без рэпетытараў. "У гэтым годзе мы адсочвалі правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання ў рэгіёнах, і вынікі нас паразілі. Гродзенская і Брэсцкая вобласць па балах, якія набралі абітурыенты, што здавалі ЦТ у ВНУ гэтых рэгіёнаў, не саступілі мінскім, у асобных ВНУ рэгіёнаў гэтыя паказчыкі былі нават вышэйшыя", - распавёў ён.-0-
БЕЛТА
Студэнтамі беларускіх ВНУ ўсіх формаў уласнасці сталі 92,9 тыс. чалавек
25.8.20100 праглядаў